Забегчы на хуткую каву або пасядзець вечарком. У цэнтры Гродна адкрыўся эспрэса-бар “КофейнЯ”

Ад поўдня да поўначы


За барнай стойкай у маленькай кавярні працуе Алег. Ён называе сябе ўпраўляючым установы і пакуль што працуе тут адзін. Зараз кавярня дзейнічае ў тэставым рэжыме – вывучаецца попыт наведвальнікаў, цікаўнасць да традыцыйных прапановаў і новых “аўтарскіх” ідэй. Алег патлумачыў, што фармат эспрэса-бара прадугледжвае спалучэнне адразу дзвюх магчымасцей – кавярні, куды днём можна зазірнуць, каб хутка перакусіць, і бара, дзе можна вальней пасядзець вечарам. Гэта і вызначае гадзіны працы ўстановы. Музычны фон кавярні ствараюць джаз, блюз і лёгкі рок.

 

 

У асноўным кавярня прапануе гарачыя напоі. Ёсць вялікі выбар чаёў, можна прыгатаваць шматлікія віды кавы, пакаштаваць гарачы шакалад, грог ці глінтвейн. Ёсць таксама магчымасць ўзяць напой на вынас. Вечарам падаецца і алкаголь.

 

Coffee to go у Гродне: што, дзе і за колькі

 

 

На першы час кавярня прапануе толькі напоі, але хутка пачне працаваць  кухня, дзе плануецца гатаваць лёгкія закускі. Са словаў Алега, кошты закусак не будуць перавышаць кошты адпаведных напояў. Напрыклад, да бакала віна можна будзе замовіць асарці з некалькіх кавалачкаў сыру, арэшкаў і алівак, а да безалкагольных напояў выбраць тосты.

 

Кошты ў новай установе адпавядаюць сярэднім у горадзе. Звычайны кубак эспрэса можна атрымаць за 20 тысяч рублёў, а гарачы шакалад за 27. Можна папрасіць прыгатаваць напой з дадаткамі на ўласны густ. Напрыклад, гарачы шакалад з імбірам і пламбірам каштуе толькі на 8 тысяч даражэй, а безалкагольны грог на аснове ройбашу з дадаткам свежай садавіны і кісялю абышоўся ў 30 тысяч.

 

 

Як запарыць каву дома: 10 правілаў ад барыста “Нашай кавы”

 


Кавярня, што канчаецца на “Я” пачынаецца таксама з “Я”

 

Вялікая літара “Я” ў назве кавярні зусім не выпадковая, расказвае Алег. Уважлівае стаўленне да кожнага кліента, жаданне ісці насустрач прапановам замоўцаў – і ёсць галоўнае ва ўстанове. Яшчэ адна грань гэтай “я-канцэпцыі” кавярні – уласна ўнёсак самаго Алега. Усё ў праекце, пачынаючы ад рамонта і распрацоўкі дызайна памяшкання да стварэння рэцэптаў напояў і кактэйляў, ён рабіў сам. На падрыхтоўку да працы, рамонт і ўзгадненне ва ўсіх адпаведных інстанцыях спатрэбілася амаль паўгода.

 

 

Ад курэй-грыль да эспрэса-бара


Зараз сюды штодня заходзіць каля 15-20 чалавек, расказвае Алег. Нехта заглядае выпадкова і толькі раз, іншыя наведваюцца ўжо па некалькі дзён запар.  Рабіць шырокую рэкламу, ці іншымі спосабамі прыцягваць увагу да ўстановы ўладальнік не плануе. Кажа, што лепш даць магчымасць людзям даведацца пра кавярню натуральным чынам – уласныя высновы павінны спрацаваць лепш.

 

Тым больш, што месца, дзе зараз пачала працаваць кавярня, мае глыбокую гастранамічную гісторыю. У сярэдзіне 80-х тут прадавалі курэй-грыль – адзіны савецкі аналаг фаст-фуда, за якім людзі гатовыя былі адстойваць у чарзе па паўтары–дзве гадзіны. Пазней на гэтым месцы быў кафетэрый, вельмі папулярны ў пэўных колах. Сюды забягалі па-хуткаму “перакуліць кілішак”. Самым апошнім папярэднікам сённяшняй кавярні быў бар для барадатых, што закрыўся паўгода таму.

 

Не прайшло і года: Чаму зачыніўся бар LumberJack?

 

 

Прафесійная тэхніка і “фактар рук”


Магчымасці любой кавярні, са словаў Алега, практычна ў роўнай ступені залежаць ад магчымасцяў тэхнікі і прафесіяналізма барыста. “Фактар рук” вельмі важны, але без якаснай тэхнікі не абысціся. Што тычыцца новай кавярні, то ўсталяваная тут кава-машына дазваляе хутка змяняць настройкі тэмпературы і ціску і пераходзіць з выкарыстання мона-сартоў кавы на сумесі. Свае прафесійныя навыкі Алег атрымліваў у Мінску.

 

 

Пачынаў свой шлях у прафесіі з флейрынгу – шоў падкідвання бутэлек. Але барыстыка ўсё ж перацягнула на сябе ўвагу. “У пэўны момант здаўся на літасць кавы”, – усміхаецца ён. Тады і пачаў сапраўднае вывучэнне кавы, яе дэгустацыі і прыгатавання. Калі ж адчуў пэўнасць сябе, то захацелася набытымі ўменнямі падзяліцца.

 

Ад элітнага да даступнага: коратка пра гісторыю кавы і гарбаты ў Гродне і Беларусі

 

 

Чытай больш:

 

Кава ці … кава? Замаўляем амерыкана ў гарадзенскіх кавярнях

Кава ці …кава? Замаўляем латэ ў гарадзенскіх кавярнях