“Тэатр як фантан – павінен бурліць ідэямі”. Аляксандр Цебянькоў пра незвычайныя тэатральныя падзеі студзеня
Цыкл сустрэч, аб’яднаных у праект “Тэатральнай гасцёўні”, Аляксандр называе сваёй даўняй марай. Гасцёўні – старая традыцыя, што ў розных формах і ў розны час жыла ў тэатральным асяроддзі. Адзін з варыянтаў – акцёрскія капуснікі – рэалізуюць і ў Гродне. Але ў новым праекце Аляксандр спадзяецца аб’яднаць не толькі такога кшталту “радасці жыцця”, але і больш сур’ёзныя, нават філасофскія сустрэчы. “Фармат гасцёўні вельмі рухомы, там можа быць што заўгодна – ад эксперыментальных пастановак да размоваў з дзеячамі тэатра і акторамі – усё, на што хопіць фантазіі і сіл”.
Аляксандр лічыць, што тэатр проста павінен аб’ядноўваць у сабе звычайныя і нязвыклыя формы. Эксперымент ён называе часткай мастацкай задачы тэатра: “Акторам, каб яны не закасцянелі ў прафесіі, увесь час трэба прапаноўваць рабіць нешта новае, спрабаваць сябе ў нязвыклым. Толькі так можна заставацца рухомым і расці ў майстэрстве”.
Аляксандр Цебянькоў проста прыбірае галаву ката, каб вызваліць крэсла на час інтэрв’ю. Але на фоне разважанняў пра тэатральныя эксперыменты падаецца, што зараз прагучыць: “Бедны Ёрык”
Аляксандр кажа, што яго радуе гатоўнасць гарадзенскіх актораў працаваць у незвычайных спектаклях. Часцей за ўсё вынікі такіх эксперыментаў паказваюцца на фестывалях, бо “ўклініцца” ў расклад працы тэатра цяжка. Аднак гэтым разам і зоркі, і зямныя абставіны склаліся спрыяльна.
Першы вечар, што адбудзецца у Тэатры лялек 23 студзеня ў 19.00, будзе складацца з некалькіх скетчаў, вакала, эсэ-перфоманса і спектакля-дуэта ў выкананні актораў Тэатра лялек і Драматычнага тэатра. Нефармальную камунікацыю можна будзе працягваць і па заканчэнні спектакля ў кавярні “Шэкспір”.
На рэпецыцыю аднаго з міні-спектакляў пад назвай “Як мы з Надзяй…”, што ўвайшоў у праграму абодвух сустрэч, пашанцавала патрапіць і “Твайму стылю”.
Вольга Авасілька і Аляксандры Літвінёнак (справа) у час рэпетыцыі драматыка-феерычнай гісторыі “Як мы з Надзяй”
Гэта п’еса, як лічаць акторкі Вольгі Авасілька і Аляксандры Літвінёнак, пра звычайных дзяўчат, такіх, што можна было б назваць “гераінямі нашага часу”. Самым цікавым і прывабным у пастаноўцы называюць яны магчымасць адчуць на сцэне свабоду акторскага пошуку
Ідэя і рэжысура “Вечара незвычайных спектакляў” належаць Аляксандру Цебянькову. “Я адстойваю права на існаванне іншага. Яно таксама павінна існаваць і хаця б раз-пораз з’яўляцца на сцэне”. І хаця майстар кажа, што цяжка апісаць, што чакае гледачоў у час спектакля, афіша ў гэтым сэнсе больш прагматычна-канкрэтная. Паводле яе паведамлення, вечар можна ўмоўна падзяліць на тры часткі. Першая складаецца з мініяцюр і кампазіцый сучаснай харэаграфіі розных напрамкаў. Тут будуць прадстаўлены танцавальныя кампаніі “Начало” (Гродна) і “Ніці” (Віцебск) ды незалежны тэатральны праект (Гродна). У другой частцы пакажуць ужо згаданую гісторыю “Як мы з Надзяй…”, а ў трэцяй – перформанс-эсэ “І аб надвор’і”.
Аляксандр Цебянькоў лічыць, што такія імпрэзы будуць спрыяць узмацненню і пашырэнню тэатральнай супольнасці горада, аб’яднанню публікі вакол тэатраў. “У Гродна ёсць людзі, што цікавяцца тэатрам, і якія хацелі б пабачыць штосці новае і нефармальнае. Калі гэта цікава акторам, то напэўна зацікавіць і прыхільнікаў тэатра”, – кажа ён.
Аляксандр Цебянькоў працуе ў Гродзенскім драматычным тэатры з 1996 года. Артыст балета. Працаваў балетмейстарам у дзясятках спектаклей.