Зубр, замкі і Аўгустоўскі канал. Што яшчэ можа стаць брэндам Гарадзеншчыны?

|

Мечыслаў Супрон, вядомы гарадзенскi блогер

 

– Брэнд вобласці павінен быць універсальным для ўсяго абшару. Каб аднолькава пасавала як да Ліды ці Карэліч, так і да Гродна. Гарадзеншчыну па-іншаму называюць Панямоннем, бо практычна ўся тэрыторыя вобласці размешчана ў нёманскім водападзеле. Панямонне мае сваю, даволі непаўторную, а часам і ўнікальную, гісторыка-культурную адметнасць. Напэўна, візуалізаваны брэнд вобласці павінен улічыць гэтую акалічнасць.

 

Я бачу ў яго якасці наступны “сюжэт”: Нёман, на беразе якога – зборны вобраз трох-чатырох гарадоў Панямоння (у выглядзе галоўных гарадскіх помнікаў архітэктуры гэтых гарадоў – гэта могуць быць гарадзенскі Фарны Касцёл або Каложа, Лідскі, Крэўскі Наваградскі і Мірскі замкі і іншае). Або можа быць разыграна тэма замкаў, бо на Гарадзеншчыне іх захавалася найбольш, кшталту “Гарадзеншчына – край замкаў”.

 

У прынцыпе, такі брэнд будзе мець занадта вялікую сэнсавую нагрузку, а ён павінен быць запамінальным, каб яго мог ад рукі намаляваць кожны. Таму ёсць яшчэ адзін варыянт, каб выкарыстаць у вобразе брэнду нейкую жывёлу, якая ёсць толькі ў нашым рэгіёне. Зубр, сучасны герб вобласці, а ў мінулым губерні, ужо не актуальны, бо зубры больш распаўсюджаны на Брэстчыне. У якасці такога “непаўторнага” звярка можа выступіць суслік, або, калі быць дакладным, рабы суслік. Калісьці, у ХІХ ст., папуляцыя гэтых звяркоў была настолькі вялікай, што ў дакументах таго часу ўсур’ёз гаварылі пра нашэсце гэтага грызуна. Сёння ён занесены ў Чырвоную кнігу і знаходзіцца на парозе знікнення. Месца яго абітання – Карэліцкі раён.


Андрэй Вашкевiч, гiсторык

 

– Мне задаюць такое пытанне не першы раз. Яшчэ раз паўтаруся: мяне больш цікавіць не сам брэнд, а працэс яго стварэння. Я перакананы, што над брэндам горада i вобласцi павінны працаваць мясцовыя мастакі, а яшчэ лепш – усе зацікаўленыя гарадзенцы, з максімальным прыцягненнем творчых людзей, моладзі, студэнтаў. Калі б прапанавалі нават невялікую прэмію за ідэю брэнда, то яго стварэнне стала б не самамэтай, каб зарабіць, а добрым сродкам актывізацыі грамадскай думкі і разумення таго, што трэба захоўваць сваю спадчыну.

 

Не факт, што мы пабачылі б нешта ідэальнае ў выніку, але ў любым выпадку было б цікава паглядзець, напрыклад, на выставу пад адкрытым небам, прысвечаную ідэям і канцэпцыям гарадзенскага брэнду, паўдзельнічаць у дыскусіях, прысвечаных гэтай тэме. Гэта само па сабе было б вельмі каштоўна і стала б першым крокам да таго, каб мы вынайшлі сапраўды цікавую і ўнікальную фішку горада i вобласцi. Брэнд – гэта не штосьці адно, гэта розныя цікавыя эпізоды з нашай гісторыі, вакол якіх можна было б ствараць станоўчы імідж Гродна.


Таццяна Касатая, гісторык, экскурсавод

 

– Брэнд – гэта комплексны падыход да месца, з’явы, прадукта. Гарадзенская вобласць вельмі розная: тут і прырода, і архітэктура, з замкамі і храмамі. Калі нават па адным толькі Гродне можна абраць некалькі шляхоў да складання брэнду, то па вобласці яшчэ скаладаней сказаць. Зараз вобласць збольшага вядомая сваім памежным становішчам. Гэтая памежнасць і яе магчымасці маглі б стаць брэндам. Да памежнасці можна было б далучыць і замкі, і храмы, тое, што нас злучае з Захадам, але і са сваім мясцовы каларытам, і, канешне, рэальнае злучэнне – Аўгустоўскі канал.


Дзмітрый Вінчэўскі, арнітолаг

 

– Няхай будзе зубр – амаль ніхто не ведае, што ў нас у 30 км ад Гродна жыве пад 200 зуброў і іх можна круглы год убачыць амаль без праблем. Ніякая Белавежская пушча не параўнаецца з заказнікам Азёры. Таксама можна i муры Крэўскага замку – месца і сам замак унікальныя і для нас, і ўвогуле. Ну і нешта звязанае з мірнай шматканфесійнасцю нашай зямлі: хрысціянскія сімвалы розных канфесій, мусульманскі паўмесяц, зорка Давіда і нешта для язычнікаў. Што тычыцца птушак, то характэрнай толькі для нас птушкі няма, калі толькі чырвоны каршун – ён гняздуе ў Беларусі толькі ў нас, але наколькі ён будзе цікавы турыстам з Захаду, сказаць цяжка.

 

Аляксандр Перагудаў, студэнт, дызайнер

 

– Заява абласных уладаў аб распрацоўцы брэнду не можа не радаваць – пры пісьменнай стратэгіі гэта станоўча адгукнецца на развіцці індустрыі турызму ў рэгіёне. Аднак варта разумець, што брэнд – гэта не толькі яркі лагатып і слоган. Брэнд вобласці павінен быць лёгка запамінальным, добра вядомым, але ў той жа час паказваць унікальнасць Гарадзеншчыны. Асабіста для мяне рэгіён асацыюецца з краем замкаў, і я думаю, пры стварэнні брэнда вобласці гэта можа ўлічвацца. Пытанне гэта дыскусійнае, таму важна, каб прысутнічала грамадскае абмеркаванне, улічвалася меркаванне жыхароў.

 

Фота belarus.by

 

Адметнасці рэгіёну за дзве хвіліны. Гарадзенцы расказалі пра свой брэнд Беларусі


Брэнды Гарадзеншчыны ў беларускім ТОП-100: Conte і “Молочный мир” здаюць пазіцыі, ABC ідзе ўгару


Брэнд горада: хто і як павінен яго распрацоўваць?

 

Брэнд горада: прыгожая абгортка да смачнага зместу

 

Гарадзенскія брэнды: Азот, тытунь і кумпяк

 

А што на ваш погляд павінна стаць турыстычным брэндам Гарадзеншчыны? Выказвайцеся ў каментарыях!