Вярнуўся Лісічкін – з’явіўся характар. “Нёман” дома абыграў “Дынама-Маладзечна”

|

Нагадаем, форвард гарадзенскай каманды ў сваім юбілейным матчы атрымаў траўму з-за якой выбыў на два тыдні. Да таго моманту каманда дзейнічала ўпэўнена, пакуль іх не спыніла мінскае “Юнацтва”.

 

У першым паўнавартасным матчы пасля вяртання Лісічкін хоць і не вызначыўся, але прыкметны ўклад у перамогу зрабіў. Гарадзенцы на сваім лёдзе абыгралі гасцей з лікам 3:2.

“Нёман” – “Дынама-Маладзечна” – 3:2 (2:1, 0:0, 1:1)

 

Шайбы закідвалі:

1: 0 – Ілля Казнадей (большасць 2) (Сяргей Якімовіч, Канстанцін Касянчук) 02:09
2: 0 – Сяргей Маляўка (Даніэль Сэман, Аляксандр Маляўка) 00:59
2: 1 – Вячаслаў Макрыцкі (большасць) (Сяргей Голубеў, Глеб Петухоў) 15:24
3: 1 – Павел Баярчук (меншасць) (Вячаслаў Лісічкін) 47:07
3: 2 – Антон Мохароў (Аляксандр Сёмачкін) 49:57

 

 

Вяртанне Лісічкіна выдатна ажывіла гульню яго тройкі. Не першы раз назіраем карціну, калі Баярчук, уз’яднаўшыся са Славай, “робяць рэчы на лёдзе”. Паразуменне ў хлопцаў хвацкае. Якраз галоўнаму трэнеру трэба падумаць, куды прыстроіць легіянера Мікуліка, які не заўсёды разумее задумку партнёраў. Але гэта хутчэй прыемныя клопаты, калі ёсць з каго выбіраць, – сказаў пасля матчу спартыўны аглядальнік Уладзімір Кульбіцкі.

Мілаш Голань тым часам падзякаваў усёй камандзе:


– Па-першае, хацеў падзякаваць хлопцам за працу, за перамогу, заўзятарам за падтрымку ў сённяшняй гульні. Два матчы запар з цяжкім супернікам з першай тройкі, для нас гэта вельмі важныя ачкi. Гэта дадае ўпэўненасці камандзе. З самага пачатку гулялі вельмі выдатна, зноў напружаная гульня да канца. Малайцы – выйгралі. Тры ачкі засталіся дома – гэта вельмі важна. Зразумела, што памылкі ёсць, памылкі будуць і мы над імі будзем працаваць. А так, у прынцыпе, я задаволены.

 

Пасля матчу з “Дынама” гарадзенцы замацаваліся на пятым месцы з 27 ачкамі ў актыве. Варта заўважыць, што ў “Нёмана” ёсць яшчэ адна гульня ў запасе. А ўся табліца выглядае так.

Наступную гульню гарадзенцы правядуць на выездзе, дзе будуць змагацца супраць ХК “Брэст”. Гульня адбудзецца ў чацвер 22 кастрычніка.