Падземны Гродна. Частка V: На Горкага касцей няма, а ці знойдуць падземны ход?

Шабля i cалодкi вечар

 

Гарадзенец Казімір Сальвесюк, які нарадзіўся ў 1922 годзе, даведаўшыся пра рэканструкцыю будынкаў, адразу расказаў “Твайму стылю”, што там павінны быць вельмі цікавыя падземныя хады.


– Яны там адназначна ёсць. У 1930-х гадах мне давялося пабываць у адным з іх. Уваход у іх знаходзіўся ў доме, які быў каля казармаў. Пры паляках там была бальніца.


Спусціўшыся разам з сябрамі, мы апынуліся ў падзямеллі. Акуратны мур, цемра і невядомасць зацягвалі нас усё далей і далей. У адным з пакояў нам удалося знайсці шаблю і некалькі старых цікавых рэчаў. Мы былі маладыя, не шанавалі такога. Выбраўшыся з падвала, пайшлi да мясцовага скупшчыка даўніны. Ён з вялікім задавальненнем купіў у нас шаблю і частку рэчаў. Зарабіўшы грошы, мы пабеглі хутчэй у краму. Шабля абышлася нам у адзін салодкі вечар.

 

Пасля Казімір вяртаўся да падземнага ходу, каб зноў нешта знайсці. Але трапіць у падзямелле больш не ўдавалася – дзверы былі заўсёды зачыненыя. А пасля пачалася праца і маладому гарадзенцу было не да хадоў.

 

Дзед Казік гатовы быў бы і цяпер паказаць месца, дзе раней стаяў дом з уваходам у падзямелле. Але 93-гадовы старажыл ужо амаль не ходзіць. Ён кажа, што хады вялі ад казармаў да Архірэйскага дома. Пра гэта ён даведаўся, калі сустрэўся са сваімі сябрамі перад самай вайной.

Архірэйскі дом раней быў палацам віцэ-адміністратара, а затым графа Валіцкага. Палац пабудаваны ў 1776-1793 гадах. У паўднёвым флігелi ў пачатку XIX стагоддзя знаходзілася частка губернскага архіва. У паўночным – карэтная, а ў пачатку ХХ стагоддзя – казармы і рэзідэнцыя Расійскага дабрачыннага таварыства. У 2007 годзе флігель разабралі, а на яго месцы пабудавалі дамавую царкву святога Мікалая Цудатворца.

У казармах на Горкага, збудаваных у 1895-1912 гадах, знаходзіўся комплекс былой Гарадзенскай акруговай лячэбніцы. Са жніўня 1944-га па восень 2009 года гэты комплекс займаў Гарадзенскі пагранічны атрад.

 

Зараз там ідзе будаўніцтва гарадзенскага філіялу Парку высокіх тэхналогій. Ні адзін будаўнік так і здолеў знайсці ні косці ад меркаваных могілак, ні хады ў падзямелле.


– Мы аблазілі ўсё, паднялі дах і правялі даследаванні, але падземных хадоў так і не знайшлі. Ёсць старая каналізацыя і калектар царскага часу. А так больш нічога няма. Калі што знойдзем, горад пра гэта даведаецца, – распавёў начальнік УЖРЭП Ленінскага раёна Вячаслаў Андрыеўскі.


Працяг Швейцарскай даліны

 

Рэканструкцыя прадугледжвае не толькі абнаўленне уласна гістарычных будынкаў, але і парадкаванне прылеглай тэрыторыі – рэчышча Юрысдыкi і яе берагоў.

Супрацоўнікі “Гроднамеліявадгаса” абяцаюць, што створаць на зарослай тэрыторыі працяг Швейцарскай даліны, дзе будуць дарожкі і альтанкі. Пра падземны ход яны не чулі, да царскага калектара яшчэ не даходзілі.

 

Многія шукальнікі хадоў у Гродне, натыкаліся на калектар, бо думалі, што гэта ўваход у падзямелле. Але тыя, хто туды прабіраўся, разумелі, што там ходу няма.


Замест ходу – падвал, дзе вырошчвалі трусаў

 

Заставалася схадзіць у царкву якая знаходзіцца адразу насупраць казармаў, і даведацца там пра наяўнасць падземных хадоў. Айцец Юры жыве тут ужо 30 гадоў i на падземныя хады не натыкаўся.


– Ёсць у нас велізарны падвал, там у савецкі час трусаў разводзілі, але працягу ходу я не бачыў. У другім будынку ў нас новы падмурак і пры будаўніцтве нічога не знаходзілі. Так што ў нас нічога няма.

 

Легенды пра падземныя хады ў Гродне турбуюць не адно пакаленне гарадзенцаў. Некаторыя старажылы кажуць, што былі не толькі ў хадах пад цэнтрам горада, але і пераконваюць, што праходзілі пад Нёманам. Але пакуль словы застаюцца словамі. Ці знойдуць падзямелле на Горкага, пакажа час.

 

Чытайце таксама: 

Падземны Гродна. Частка I: Чарговае прывітанне з мінулага

Падземны Гродна. Частка II: маленькая крама з таямнічым месцам

Падземны Гродна. Частка III: Закладзеныя хады ў бок Савецкай плошчы

Падземны Гродна. Частка IV: Меркаваны падземны ход знайшлі пры пабудове гаража