Незалежны праект EOTP пачаў набор на навучанне назіральнікаў на выбарах
Назіральнікі змогуць на свае вочы ўбачыць, як лічаць бюлетэні, ацаніць рэальную яўку выбаршчыкаў на ўчасткі і даведацца, як на самой справе адбываецца падлік галасоў. Для тых, каму цікава, як наладжаны працэс, і хочацца зазірнуць за кулісы, гэта шанец з першых шэрагаў ўбачыць, як у Беларусі выбіраюць прэзідэнта. Гэта законнае права любога паўналетняга грамадзяніна краіны і цікавы вопыт.
“Праект EOTP не падтрымлівае якія-небудзь палітычныя партыі ці кандыдатаў, ён прызваны навучыць і даць магчымасць простым людзям знутры паглядзець на дзень галасавання, развеяць стэрэатыпы і павысіць грамадзянскую актыўнасць”, – пішуць актывісты ініцыятывы.
Усе зарэгістраваныя пройдуць кароткі эфектыўны трэнінг “Як назіраць”, атрымаюць метадычныя матэрыялы і маральную і праваабарончую падтрымку ў дзень выбараў.
Каб далучыцца да праекта і стаць назіральнікам, неабходна запоўніць онлайн-форму да 22 верасня. Запрашаюцца і пачаткоўцы, і тыя, хто ўжо назіраў за выбарамі.
EOTP прапануе два спосабы акрэдытацыі: па месцы прапіскі назіральніка (для гэтага трэба самастойна сабраць 10 подпісаў выбаршчыкаў з гэтага ўчастка) і ад арганізацый (з гэтым дапаможа праект).
Грамадзянскае назіранне — магчымасць не сядзець склаўшы рукі, а самастойна праверыць, ці сумленна праходзяць у нас выбары, і атрымаць займальны вопыт.
Па любых пытаннях можна звяртацца праз мэйл на [email protected]
Чытайце таксама: Як стаць назіральнікам на выбарах у Гродне?