Як стаць назіральнікам на выбарах у Гродне?
Як назіраць ад арганізацыі?
Назіральнік павінен мець не менш за 18 год і быць грамадзянінам Беларусі. У Гродна назіральнікаў не першы год рыхтуе кампанія “Права выбару”. У кампанію аб’ядналіся партыі БНФ, БХД, кампанія “Гавары праўду”, БСД “Грамада” і іншыя.
Трэнінгі для назіральнікаў кампанія праводзіць у горадзе і ў раённых цэнтрах. Апошні трэнінг у Гродне пройдзе 19 верасня. Звярнуцца да каарданатараў можна па мэйлу [email protected].
Будучыя назіральнікі на трэнінгу атрымліваюць сшытак з метадычнай інфармацыяй і пустымі старонкамі, дзе зручна лічыць колькасць выбаршчыкаў. Сшытак здаецца кампаніі пасля выбараў.
– Мэта назірання – не падаць як мага больш скаргаў, а перадухіліць магчымыя парушэнні Выбарчага кодэксу, – кажа адзін з трэнераў кампаніі Аляксандр Пагуляеў.
Пасля трэнінгу назіральнікам застаецца прайсці інструктаж, атрымаць накіраванне ад трэнераў, і акрэдытавацца на пэўны ўчастак. Праблемы, якія могуць узнікнуць з акрэдытацыяй, вырашаюцца кампаніяй ці партыяй, якая дала накіраванне.
Таксама назіральнікаў рыхтуць праваабарончая арганізацыя “Вясна”, моладзевая грамадская арганізацыя БРСМ і грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”.
Як назіраць праз збор подпісаў?
Беспартыйны назіральнік можа сабраць 10 подпісаў выбарцаў на тым участку, дзе хоча назіраць. У Беларусі зарэгістравана 6 800 выбарчых камісій. Назіраць можна на любым участку краіны незалежна ад прапіскі. Часам назіральнікі наўмысна ад’язджаюць ад сваёй мясцовасці – калі ў камісіі знаходзяцца знаёмыя, губляецца аб’ектыўнасць.
– Напрыклад, калі ў камісіі ёсць настаўнікі, якія яшчэ будуць вучыць твайго сына, – тлумачыць Аляксандр.
З гэтымі подпісамі ён прыходзіць у выбарчую камісію, фіксуе іх і атрымлівае права быць назіральнікам. Аляксандр раіць сабраць больш подпісаў, чым 10 – на выпадак, калі камісія заявіць пра несапраўднасць некаторых з іх.