Аляксей Чэмаданаў: бег – нагода для радасці, марафон – філасофія жыцця

|

Раней Аляксей прафесійна займаўся спортам, і неяк на чарговых спаборніцтвах па бегу, пазнаёміўся з літоўскім спарцменам і арганізатарам спаборніцтваў Вітаўтасам Лучынскасам. Сустрэча  хутка дала плён – спарцмены пасябравалі і   вырашылі разам дапамагаць землякам рыхтавацца да ўдзелу ў Марафоне Сяброўства паміж Гродна і Друскенінкаем, каторы сёлета адбудзецца 19 ліпеня і адзначыць свой першы юбілей – 5 гадоў існавання. Пазней ідэя ўвасобілася яшчэ і ў стварэнне клуба аматараў бегу. Так беларусы далучыліся да руху  Run4Fun – бег дзеля задавальненя.

 

 

 

Найперш Аляксей кажа, што з’яўляецца прыхільнікам заняткаў у камандзе – і таму, што ад прафесійна-спартыўнага жыцця засталася такая звычка, і таму, што лічыць калектыўныя заняткі больш карыснымі:

 

“ Калі ты бяжыш адзін, то спадзявацца можаш толькі на сябе. Стала цяжка – збаўляеш тэмп ці  можаш зусім спыніцца і больш не пабегчы, бо арганізм сам па сабе лянівы і супраціўляецца нязвыклым нагрузкам. А калі бяжыць група, то цябе падтрымаюць, дапамогуць – гэта матывуе працягваць. Вось днямі да нас далучыўся хлопец, каторы раней не бегаў у групе. Разам мы адолелі дыстанцыю ў  10 кіламетраў, і ён быў гэтаму здіўлены больш за ўсіх. Казаў пасля, што не чакаў ад сябе такіх подзвігаў. Справа менавіта ў кампаніі – тут людзі цікавыя, настрой пазітыўны ствараецца. І бег разам выглядае не выпрабаваннем, а дадатковай крыніцай станоўчых эмоцый”

 

Зараз аматары бегу штотыдзень па нядзелях  збіраюцца ў Пышках на сумесныя прабежкі. У будзеныя дні таксама бегаюць ў кампаніі па некалькі чалавек. Сазвоньваюцца між сабой, дамаўляюцца пра зручнае месца і час і выходзяць на трэніроўкі разам.

 

“Тое, што у Гродна часцей бачу адзінокіх бегуноў з навушнікамі, мяне трохі засмучае. Але радуе тое, што аматараў бега шмат – і раніцай, і ўвечары на стадыёнах ці ў парках можна пабачыць людзей, што займаюцца бегам”.

 

 

Менш года мінула з той пары, як Аляксей з сям’ёй прыехаў  жыць у Гродна з Баранавіч (кажа, што хацей быць бліжэй да Марафона Сяброўства), але бачыць у горадзе  вялікі патэнцыял для развіцця бегу. Таму зараз актыўна займаецца стварэннем суполкі бегуноў і рэгістрацыяй клуба.

 

 “Мы ужо перараслі той час, калі можна было проста збірацца самім па сабе і паціху трэніравацца. Зараз на функцыянаванне клуба, на ўдзел у спаборніцтвах усё часцей патрэбны сродкі, збіраць грошы з удзельнікаў не заўсёды магчыма. Трэба прасіць дапамогі ў дзяржаўных структур, ці звяртацца за спонсарскай падтрымкай да бізнесоўцаў. А ў такіх выпадках прасцей аказаць дапамогу зарэгістраванаму клубу, чым прыватнай асобе. Ужо зараз ёсць прапановы па афіцыйнаму спонсарству, але давесці справу да канца можна будзе толькі пасля афіцыйнай рэгістрацыі. Афіцыйны статус клуба важны і пры арганізацыі спаборніцтваў ці прабегаў у горадзе. Калі трэба, напрыклад, перакрыць рух транспарту па цэнтральнай вуліцы, каб даць магчымасць прабегчы калоне – з гарадзкімі уладамі лепш размаўляць ад імя клуба”.

 

 

 

“Досвед удзелу ў вялікіх мерапрыемствах мы ўжо маем. Вось, напрыклад, Варшаўскі марафон, дзе на старце стаяла каля 25 тысяч бегуноў. Нават перадаць цяжка свае ўражанні. Калі стаіш у сярэдзіне калоны, то ні пачатку ні канца не бачыш. Толькі потым, праглядаючы верталётную здымку можаш ацаніць масштаб мерапрыемства. І гэта проста непаўторныя эмоцыі – прабегчы у такой калоне праз цэнтр Варшавы. Такія мерапрыемствы насамрэч даюць удзельнікам адчуванне свята здаровага ладу жыцця”.

 

Адчуванне свята, пазітыўны настрой на заняткі, паводле разважанняў Аляксея, галоўны залог паспяховасці ў бегу:

 

“Для многіх неабходнасць бегаць выглядае як праблема. Але я стараюся тлумачыць, што ад гэтага можна атрымліваць сапраўднае задавальненне. Той, хто толькі разважае пра бег, дыстанцыю ў 10 кіламетраў лічыць нерэальнай. А той, хто пачаў трэніравацца, уваходзіць у рытм заняткаў і рана ці позна яе пераадолее. Мае сённяшнія аматары пасмейваюцца часам: “Што я дарма красоўкі шнураваў, што і “дзесятачку” не прабягу? Чаго тады было на трэніроўку ісці?”, – і насамрэч – яны маюць рацыю! Трэніроўкі даюць магчымасць арганізму перастроіцца, чалавек пачынае адчуваць неабходнасць фізічнай нагрузкі і задавальненне ад яе. А каб “дзесятачка” стала нормай трэба бегаць прыкладна 4 разы на тыдзень”.

 

Наконт таго, што многія баяцца пачынаць трэніроўкі з нагоды кепскага стану здароўя ці адсутнасці спартыўнага досведу, Аляксей кажа, што гэта якраз не з’яўляецца праблемай: “Я маю спартыўную адукацыю. Магу дапамагчы з тэхнікай бега, скласці рэжым трэніровак. Тое, што з непадрыхтаванымі людзьмі працаваць больш складана, мяне не палохае. Гэта нават цікавей”.

 

 

 

“Асаблівых таямніц у тым, як пачаць бегаць, няма,- працягвае Аляксей, – самае цяжкае, як ў любой справе – зрабіць першы крок, пераадолець сцяну ўласнай ляноты, падняцца з канапы, выйсці на  бегавую сцежку. Далей дарога пачынае сама матываваць і падбадзёрваць. Калі бяжыш у Пышках – там сцежка размечана лічбамі – бачыш, як яны мільгаюць пад нагамі. І вось, напрыклад: стаміўся ўжо – а бачыш – прабег толькі 300 метраў – пачынаеш сам з сабой разважаць:

 

“Я што толькі дзеля гэтых 300 метраў столькі ўсяго пераадолеў? Збіраўся, адяваўся, у лес ехаў? Трэба яшчэ трошкі прабегчы. Далей яшчэ, каб да “круглай” лічбы дацягнуць. Карацей, гэта ўжо робіцца  больш падобным на гульню, і прыносіць азарт у спрэчцы з сабой, дае радасць пераадолення ўласных слабасцяў. У гэтым і есць той самы fun дзеля каторага run”.

 

Канечне, Аляксей прызнае, што і пасля будуць узнікаць чарговыя “сцены” і перашкоды – то, здаецца, што надвор’е кепскае, то няма часу ці сіл – працэс трэніровак пакажа такі своеасаблівы  унутраны супраціў ці нават сабатаж. Але ён абяцае, што калі быць настойлівым, то абавязкова  прыдзе дзень, калі вы зможаце сабе сказаць : “Сёння я прабег 5 кіламетраў, на сёння гэта мой асабісты рэкорд”. Са словаў спарцмена – гэта добрая нагода   нават адзначыць гэты дзень у календары чырвоным. А потым паступова і да 10 кіламетраў  дайсці.

 

“Тым, што прабягае дзесятку, я прапаную выступіць на спаборніцтвах. І вы напэўна падумаеце, што гэта мае сэнс, бо спаборнцтвы, гэта зусім іншыя адчуванні і перажыванні. Гэта як параўноўваць танцы дома з дыскатэкай  ў клубе, дзе мноства людзей – там атмасфера зусім іншая”.

 

Аляксей распавядае, што на аматарскіх марафонах не так важна, якім ты дабяжыш да фінішу: “На адных са спаборніцтваў у Беластоку, апошняя удзельніца, бабулька, дабягала дыстанцыю намнога пазней за ўсіх. То дзеля таго, каб яе сустрэць і вітаць на фінішы, нават перапынілі працэдуру ўзнагароды пераможцаў! Гэта падкрэслівае, як важна ўдзельнічаць і даводзіць справу да канца. Тут галоўны супернік не той, хто побач, а той, хто супраціўляецца знутры, галоўная перамога – зайсёды перамога над сабой. Ты прабег, зрабіў гэта, пераадолеў дыстанцыю, дайшоў да фініша. А першым ці апошнім – гэта ўжо другаснае.

 

 

Сваім навічкам, нават тым, хто яшчэ сумняваецца, што зможа прабегчы марафонскую дыстанцыю, Аляксей    ўсё роўна раіць паспрабаваць, выйсці на старт, прабегчы столькі, на колькі хопіць сіл. Нават, калі яны  сыдуць з дыстанцыі, і скарыстаюць аўтобус суправаджэння, каб даехаць да фініша, варта гэта зрабіць, каб адчуць непаўторную атмасферу марафона.

 

“Калі людзі бачылі, як праходзіць Марафон Сяброўства, то гэта вельмі моцна іх матывавала, яны ставілі сабе за мэту прабегчы дыстанцыю да канца на наступны год. А я ім дапамагаў падрыхтавацца, планы трэніровак складаў, раіў як  як трэніравацца, каб дайсці наступным разам да фініша. Я не магу сказаць, што як трэнер зараз змагу падрыхтаваць алімпійскага чэмпіёна, але натрэніраваць аматара на праходжанне любой дыстанцыі я магу. У мяне фізкультурная адукацыя, ведаў хопіць”.

 

Разважаючы пра свае мэты, найперш Аляксей узгадвае Марафон Сяброўства, да яго зусім мала часу засталося, зараз многа працы з тае нагоды. Потым таксама  плануецца правядзенне сумеснага мерапрыемства з літоўскімі сябрамі – у трэція выходныя верасня арганізуецца падвойнае свята бегу – пачатак у суботу ў Гродне, а працяг – у нядзелю ў Друскенінкаі. Таксама група збіраецца наведаць спаборніцтвы ў Эстоніі. А наконт самай амбітнай мэты Аляксей прызнаецца, што хацеў бы правесці ў Гродне такі паўмарафон, у каторым узялі б удзел некалькі тысяч чалавек.

 

“Мы былі на такім мерапрыемстве ў Беластоку. Калі там могуць столькі людзей сабраць, то чаму мы не зможам?”

 

І хай нават гэта не пытанне бягучага года, такія падзеі як Марафон Сяброўства ці Мінскі марафон гэта добрыя штуршкі да развіцця ініцыятывы аматараў бегу. Таксама важна, што такі спосаб бавіць час адкрывае для людзей новыя магчымасці адпачынку – не паляжаць на канапе, ці прасядзець  з куфлем  піва,  а  актыўна правесці час, прабегчыся ў кампаніі.

 

 

Ну а тым, што яшчэ сумняваецца ці варта пачынаць бегаць, Аляксей раіць пачытаць кнігу Харукі Муракамі “Пра што я распавядаю, калі распавядаю пра бег”:

 

“Боль непазбежны. Пакуты – асабісты выбар кожнага”

 

сцвярджае аўтар.

 

“Гэта вельмі шчырыя разважанні пра філасофію марафонскага бегу і ўвогуле пра стаўленне да жыцця”,- кажа Аляксей. І дадае, што  кніга напэўна дапаможа  зрабіць уласны  выбар на карысць радасці не толькі ад бегу.