У Гродне свята: “Нёман” перамог
Усё пачыналася як звычайна, хоць Саладоўнікаў і абяцаў перамены.

Адзінай прыкметнай зменай у складзе каманды стала замена брамніка – замест Васiлючэка на поле выйшаў Курганскі.

Апошні травеньскі дзень выдаўся гарачым.

Многія жыхары горада аддалі перавагу лецішчам, чым футболу, але каля тысячы гледачоў у пратакол гульні напэўна запішуць.


Сярод заўзятараў на трыбунах былі заўважаныя і выпускнікі школ, у якіх у гэты дзень была лінейка.

Першы тайм “Нёман” пратрымаўся, але спецыялісты і букмекеры былі настроеныя на чарговае паражэнне гарадзенскай каманды.

Аднак другі тайм паказаў гарадзенскай публіцы, што “Нёман” здатны гуляць на сваім полі зусім па-іншаму!

У другім тайме гледачы ўбачылі зусім іншую каманду: сабраную, моцную, гатовую біцца за перамогу.
Спачатку пад націскам гарадзенцаў мяч у сваю браму забіў лепшы нападнік “Граніта” Луцэвіч (на здымку ніжэй зправа).

Пад канец сустрэчы пераможную кропку паставіў Едэшка.

Бомбель і Хачатуран – вось тыя гульцы, якія зрабілі вынік сустрэчы. Годна згулялі і іншыя гульцы, у тым ліку Курганскі.

Галоўны трэнер гарадзенскага “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў пракаментаваў перамогу каманды над “Гранітам” такім чынам:

– Доўгачаканая перамога. Яна вельмі важная ў псіхалагічным плане.

Мне гульня спадабалася па змесце. У суперніка былі 3 моманту, у нас 3 моманту, мы забілі. Удзячны камандзе, памочнікам і лёсу за тое, што ў мяне ёсць такі капітан.

Замена Горбача звязана з яго станам здароўя. Яму стала дрэнна, лекар не дазволіў працягнуць гульню.
Чаму не замяніў Забеліна раней? Так, можа яго трэба было і раней замяніць, малады хлопец, падсеў. Але мяне задавальняюць яго якасці i яго гульня”.

Пасля перамогі над “Гранітам” “Нёман” выкараскаўся з дна турнірнай табліцы.
Спадзяемся, далей будзе яшчэ лепш.

30 траўня. “Нёман” – “Граніт” 2-0
Фота аўтара
