Гісторыя Слоніма ў адным томе
Гэта вялікі том, які налічвае каля 400 старонак, прысвечаны гісторыі слонімскай зямлі, яе помнікам, падзеям, людзям.
“Слонім і ваколіца” – не першая кніга нашага земляка, якую даследчык Слонімшчыны прысвяціў сваёй маленькай радзіме.
Пра сваё новае выданне распавядае сам аўтар кнігі Сяргей Чыгрын:
–Пра такую кнігу, як “Слонім і ваколіца” марыў даўно.
Яна складаецца з трох вялікіх раздзелаў.
Першы раздзел – гістарычны, ён распавядае пра гісторыю Слоніма, найперш пра Льва Сапегу, Яна Канопку, Пуслоўскіх і Альбярцін, суперыёраў і выкладчыкаў усходняй місіі айцоў езуітаў у Альбярціне, пра тэлефанізацыю Слоніма ў першай палове 1930-х гадоў, пра населеныя пункты Слонімскага павета ў пачатку ХХ стагоддзя, пра слонімскія крамы і банкі напярэдадні Першай сусветнай вайны, пра гісторыю развіцца Слонімскага народнага тэатра і г.д.
У другі раздзел увайшлі артыкулы пра знакамітых людзей слонімскай зямлі, найперш гэта пра Язэпа Стаброўскага, Валянціна Таўлая, Алега Лойку, Кандрата Лейку, Гальяша Леўчыка, Яўгена Хлябцэвіча, Міколу Арочку, Янку Саламевіча і дзесяткі іншых людзей зямлі Слонімскай.
Трэці раздзел кнігі склалі легенды і паданні Слонімшчыны. І ў цэлым – атрымалася ладная кніга пра старыжытны горад над Шчарай…
Кніга Сяргея Чыгрына – сапраўды ўнікальная, гэта своеасаблівы помнік Слоніму і яго гісторыі.
Некалькі прэзентацый новага выдання запланаваны сёлета ў Слоніме.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя