“Нёман” вядзе перамовы пра продаж свайго лепшага футбаліста
Як паведаміў 29 кастрычніка “Вечерний Гродно” са спасылкай на прэзідэнта “Нёмана” Сяргея Сахарэвіча, на лепшага гульца клуба прэтэндуе “Дынама-Мінск”.
Факт перамоваў са сталічнай камандай у размове з карэспандэнтам “Твайго стылю” падцвердзіў і сам Савіцкі.
Зараз клубы вядуць перамовы наконт сумы, якая будзе пераведзена за гульца ў Гродна.
У мінулым годзе Савіцкага за 100 тыс. даляраў хацеў купіць наймацнейшы клуб краіны – барысаўскі БАТЭ. Тады ў Гродне палічылі гэтую суму заніжанай.
Зараз, калі з грашыма ў “Нёмане” зусім кепска, кіраўніцтва каманды можа пайсці на любыя саступкі, каб за кошт продажу лепшага футбаліста паправіць фінансавы стан.
Сталічнае “Дынама”, якое фінансуе адзін з найбагацейшых беларусаў Юрый Чыж, даўно марыць скінуць з беларускага футбольнага трона клуб з Барысава і дзеля гэтага не шкадуе грошай на набыццё новых гульцоў.
Павал Савіцкі з’яўляецца выхаванцам гарадзенскага футболу.
У 90-я гады за “Нёман” гуляў яго бацька – Алег Савіцкі.
Сёлетні сезон можна лічыць самым удалым у дарослай кар’ёры хлопца.
Ён дэбютаваў у нацыянальнай зборнай краіны і нават забіў ужо ў трох гульнях у яе складзе 2 галы.
У сёлетнім чэмпіянаце краіны на рахунку Паўла ўжо 9 забітых галоў.