Магічная мапа Гальшанаў ад Кацярыны Рудзік

|

“Чорны замак Альшанскі”

Візітная картка Гальшанаў — замак, пра які ў сваім рамане “Чорны замак Альшанскі” пісаў Уладзімір Караткевіч. Замак быў пабудаваны яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага Паўлам Сапегам. Цяпер ад яго засталіся руіны, але некалі ён быў адным з найпрыгажэйшых на Беларусі. Раней замак уяўляў сабой багатую магнацкую рэзідэнцыю, пышны палац з параднымі заламі, шырокімі лесвіцамі, вялікімі вокнамі. Пад карпусамі захаваліся хады (цяпер у асноўным засыпаныя). Кажуць, што па гэтых хадах магла праехаць вялікая конніца ад замка да касцёла і кляштара.

 

Заўсёды цікава прыходзіць сюды і адчуваць подых мураваных сценаў, датыкацца пальцамі да цаглінак, уяўляючы сябе на месцы каралевы Польшчы Соф’і Гальшанскай. Цікава, але я прыходжу сюды адна, блукаю каля сценаў, якія бачыла ўжо тысячу разоў. Ёсць тут нешта таямнічае і прывабнае.


Гарадзішча

Гэта вялікая гара, якая знаходзіцца перад самымі Гальшанамі, калі ехаць з Мінска. З гэтым месцам звязана шмат легендаў: кажуць, што на гарадзішчы раней быў касцёл, але ў час богаслужэння праваліўся пад зямлю разам з прыхаджанамі. Некаторыя лічаць, што гэта праклён — маці багатай дзяўчыны пракляла яе за каханне да беднага хлопца. Як бы там ні было, гарадзішча — гэта ўвасабленне спакою, добрага настрою, сяброўскіх сустрэч. Часта з сябрамі мы збіраліся там, каб паставіць намёт, развесці вогнішча, паспяваць пад гітару… Гэта мае найлепшыя ўспаміны з жыцця ў мястэчку.


Бар “Замак”

Ну, гэта амаль што адзінае і папулярнае месца ў Гальшанах, дзе можна “патусіць” не горш, чым у клубе Гародні. На выходных тут ажыятаж: шмат моладзі з самога мястэчка і тых, хто прыехаў у госці. Увечары з пятніцы да нядзелі Гальшаны выходзяць са спячкі! Тут амаль усе знаёмыя, таму адпачынак робіцца нейкім інтымна-сяброўскім.

 

Ілюстрацыі Андруся Такінданга

 

 

***

 

Чытай таксама:

Магічная мапа Гародні ад Андрэя Мялешкі

Магічная мапа Гародні ад Алеся Дзянісава

Магічная мапа Поразава ад Віктара Шалкевіча

Магічная мапа Смаргоні ад Тані Скарынкінай

 

***

 

Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.


Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі [email protected] (з пазнакай у тэме ліста “Магічная Мапа”) спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!


Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”


“Твой стыль” з’яўляецца інфармацыйным партнёрам праекта ў Гродне.