Дзякуючы “Гадзіне Зямлі” Гарадзеншчына зэканоміла 40 тыс. кВт электраэнергіі

Прадпрыемства “Гарсвет” у падтрымку акцыі цалкам адключыла светадыёдны экран на Савецкай плошчы. У мінулыя разы адключалася толькі яго падсветка, а сам ён працягваў знаходзіцца ў працоўным рэжыме.

Упершыню ў акцыі пагадзілася прыняць удзел гарадзенская сетка крамаў “Пінскдрэў”. Антыкафэ “Жывы час” зладзіла вечар акустычнай музыкі і спеваў пры запаленых знічках (музыкі Ганна Рышкевіч і Максім Шынтар), у межах якога сайт “Зялёны Гродна” правёў сваю экалагічную віктарыну. Па словах прысутных, такога кшалту адпачынак прыйшоўся ім даспадобы. Падчас вячэры запаліліся знічкі і ў кафэ “Карыца”, а кавярня-пірожня “Раскоша”  адключыла на гэты час большасць сваіх лямпачак. Крамы прадпрыемства “Нарач”, кавярні “Рамантыка” і “Палуба” адключылі асвятленне сваіх будынкаў і выключылі электрапліты, што не выкарыстоўваліся ў той час для прыгатавання ежы. Крама жаночай вопраткі “Элема” адслючыла сваё асвятленне на цэлую ноч.

 

Навучальныя ўстановы Гарадзеншчыны зладзілі адпаведныя інфармацыйныя і выхаваўчыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да міжнароднай акцыі. Так, каледж мастацтваў запрасіў эколагаў для удзелу ў правядзенні куратарскіх гадзін. Яны распавялі студэнтам пра змены клімату на планеце, неабходнасць рацыянальнага прыродакарыстання і сістэмы энергазберажэння.

 

Арганізатары акцыі па Гарадзеншчыне – экалачічнае таварыства “Зялёная сетка”, сайт “Зялёны Гродна” пры падтрымцы Гродзенскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем топліўна-энергетычных рэсурсаў.

 

У мінулым годзе ў Гродне дзякуючы “Гадзіне Зямлі” ўдалося зэканоміць 20 тыс. кВт энергіі.