У гарадзенскім Драмтэатры адкрылася выстава “Чэслаў Немэн у аб’ектыве жонкі”

Як сказала аўтарка выставы, Чэслаў Немэн значна больш вядомы з афіцыйнага боку, як выбітны музыка, а менш – як звычайны чалавек. Таму для выставы былі выбраныя фотаздымкі з розных паездак, момантаў адпачынку, фота з сям’ёй. Аўтарцы важна было паказаць мужа як звычайнага чалавека: не пафасным, як на сцэне, а простым, які мог пакасіць сена ці прыбіць дошку.

 

У Польшчы ўжо ёсць школы імя Чэслава Немэна – спадарыня Малгажата наведвае іх, і такімі фотаздымкамі хоча паказаць моладзі, што патрон іх школы быў таксама нармальным чалавекам з крыві і касцей.

Адкрывае выставу Генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч

 

Немэн у інтэрв’ю часам казаў, што калі б не быў музыкам, то быў бы цясляром, бо вельмі любіў працаваць з дрэвам. Таму ў выставу ўключаны здымак, на якім музыка шліфуе драўляную падлогу. На фота не бачна, ці Немэн гэта, ці проста нейкі іншы чалавек. Спадарыня Малгажата сказала, што гэта яе любімы здымак – муж сам папрасіў яго зрабіць.

Побач са здымкамі размясцілася невялікая выстава гарадзенскіх мастакоў, прысвечаная Чэславу Немэну.

Адкрыццё выставы папярэднічала вялікаму канцэрту, у час якога песні з двух апошніх альбомаў Чэслава Немэна і яго ранейшыя хіты выканала дачка музыкі Наталля.

 

Сям’я Чэслава Немэна наведала Гродна ўпершыню з 1979 года.

 

Здымкі Яна Лялевіча