“Мне стала зразумела, што да беларусаў не падыходзіць канцэпт нацыі”

|

Падобныя групы працавалі ў пяці іншых краінах: у Літве, Украіне, Польшчы, Малдове і Румыніі. Выніковая медыя-канферэнцыя па тэматыцы Еўрасаюза і яго межаў прайшла ў Львове 4 кастрычніка.

 

Прадстаўніца арганізацыі N-ost Таміна Кучар патлумачыла, што мэта праекта – палепшыць якасць інфармацыі аб усходне- і цэнтральнаеўрапейскіх краінах у нямецкіх медыях.

 

Дзесяць год таму пашырыўся Еўрасаюз. А што гэта значыць, калі перасоўваюцца межы? Не толькі больш няма межаў паміж рознымі краінамі, але з’явіліся новыя межы. Аб гэтым мы і хочам даведацца – якія межы з’явіліся, а якія зніклі. І гэта не толькі ў геаграфічным ці палітычным, але і ў пераносным сэнсе”.

 

Па меркаванні спадарыні Таміны, сёлета журналісты ў Германіі пішуць аб Беларусі ці Чэхіі з офіса, не выязджаючы ў гэтыя краіны, ці выязджаючы на кароткі час. Таму часта інфармацыя з Усходняй ці Цэнтральнай Еўропы аказваецца павярхоўнай, без дэталяў.

 

Беларуская даследчая група працавала ў Гродне і складалася з сямі журналістаў розных накірункаў – пішучых, фота-, радыё-журналістаў – з Германіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Літвы, Беларусі.

 

Арганізатар праекта ў Беларусі Ірына Герасімовіч распавяла, што штуршком для даследчых груп быў першы дзень. Перад журналістамі выступіў рэферэнт Якуб Грыгар, выкладчык Карлавага ўніверсітэта ў Празе, які займаўся даследваннем Гродна. У сваім дакладзе ён пазначыў, якія тэмы значныя для памежнай тэрыторыі, напрыклад, тэма ідэнтычнасці, феномен “тутэйшасці”.

 

У першы дзень журналісты з дапамогай спадара Грыгара абмеркавалі, над якімі тэмамі яны б хацелі працаваць. Астатні час яны працавалі над сваімі матэрыяламі ў вольным рэжыме з суправаджэннем каардынатараў.

 

Сярод тэмаў быў памежны гандаль (як людзі выкарыстоўваюць існаванне мяжы для заробку), узаемадзеянне паміж беларускімі выдавецтвамі (публікацыя беларускіх кніг за мяжой), успрыняцце сучаснымі беларусамі спадчыны Вялікага княства Літоўскага. Падчас працы культурную прастору спрабавалі перадаць і праз адлюстраванне партрэтаў людзей памежжа – святара Каложскай царквы і вяскоўца, які змяніў тры пашпарты (грамадзяніна Польшчы, Савецкага Саюза, Беларусі), не змяняючы месца жыхарства.

 

Падчас працы Таміна Кучар зрабіла для сябе некалькі высноваў аб асаблівасцях памежжа.

 

Я зразумела, што людзі на ўскрайку – у самым цэнтры ўвагі палітыкі. Таму што кожнае рашэнне, прынятае ў знешняй палітыцы, датычыць іх больш, чым людзей у цэнтры. Напрыклад, уваход Польшчы ў Шэнген адбіўся на Мінску менш, чым на Гродне.

 

Акрамя таго, мы закранулі пытанне ідэнтычнасці і нацыі. Мне стала зразумела, што да беларусаў не падыходзіць канцэпт нацыі. Людзі размаўляюць па-беларуску, па-руску, па-польску, у іх ёсць праваслаўная, рыма-каталіцкая, грэка-каталічкая рэлігіі. І ў гэтым уплыве розных культур – асаблівасць гэтага рэгіёна і яго багацце”.

 

Прыняць удзел у праекце мог любы журналіст, для гэтага трэба было загадзя падаць заяўку. Кожны сам выбіраў, у якой краіне хацеў бы працаваць падчас падрыхтоўкі да канферэнцыі.