Фестываль вулічнага мастацтва Grand Teatro ажывіў Льва Бакста
Гарадзенцы змаглі прыняць удзел у майстар-класах па танцах і маляванні, убачыць выступленні эквілібрыстаў, жанглёраў, жывых статуй, чараўнікоў, клоўнаў і джампераў.
Каля помніка Сакалоўскаму на вуліцы Савецкай арганізатары зладзілі выставу рэпрадукцый вядомых прац мастака, які нарадзіўся ў Гродне. Тут жа дзяўчыны ў сцэнічных касцюмах, размаляваныя ў Льва Бакста, распавялі пра яго жыццё ў Беларусі, Еўропе і Расіі, пра яго творчыя дасягненні.
Маленькія госці фестываля змаглі памаляваць на арганізаванай творчай пляцоўцы з дапамогай розных формачак, грабеньчыкаў і круп.
На працягу ўсяго свята на цэнтральнай вуліцы можна было ўбачыць удзельнікаў фэсту.
Арт-праект “Яны жывыя?!” прыехаў у Гродна з Варонежа. У склад трупы ўваходзяць студэнты тэатральных ВНУ і дзеючыя акцёры, якія маюць харэаграфічную падрыхтоўку.
Хлопцы ўжо амаль тры гады займаюцца мастацтвам жывых скульптур, нават удзельнічалі ў чэмпіянаце свету ў Галандыі.
Дзмітрый Крывачураў, мастацкі кіраўнік арт-праекта (на здымку):
“У гэтым касцюме знаходзіцца без руху доўгі час складаней, чым у тым, у якім няма пластыку. У свабодным касцюме без руху можна прастаяць каля 30 хвілін.
У Беларусі мы ўпершыню. Учора былі ў Мінску, а сёння ў суме чатыры гадзіны будзем працаваць на вуліцах Гродна. Новы фестываль – гэта заўсёды новыя думкі і ідэі, новыя творчыя знаёмства з калектывамі, з якімі мы выступілі на адной сцэне.
Хочацца сказаць камплімент гарадзенскай публіцы. Мне здаецца, тут людзі больш адкрытыя, чым у Расеі”.
Дарэчы, на “жывой статуі” прыкладна 200 грам адмысловай фарбы, якую акцёры наносяць самастойна. Час нанясення грыму залежыць ад дасведчанасці.
Гарадзенскія танцавальныя калектывы пазнаёмілі гасцей фестываля з рознымі танцавальнымі накірункамі. Студыя “Начало” зладзіла майстар-клас па джазу, міжнародная школа “Ficag” – па капаэйры (на відэа ніжэй), а група сучаснай харэаграфіі “ТАД” паказала сучасныя напрамкі.
Былі на вуліцы і людзі, апранутыя ў сярэднявечныя касцюмы. Клуб жывой гісторыі “Княжы двор” задзейнічаў аматараў патанчыць у майстар-класе па сярэднявечных танцах і рыцарскіх баях. Дзяўчаты клуба кожнаму жадаючаму малявалі на целе арнаменты і кветкі.
Такі малюнак можна было зрабіць за пяць тысяч, а сфатаграфавацца на памяць з гейшай ці аватарам, або з любым упадабаным персанажам, можна было за 10 тысяч рублёў.
Калі сцямнела, удзельнікі тэатра агню “Ergo Bibamus” паказалі выступы з агнём, а калектыў “Эторы” з Брэста зладзіў танцавальнае светлавое шоў.
Псіхалагічны тэатр пластычнай імправізацыі “Акме” з Мінска (на здымках ніжэй) амаль шакаваў гаражан эмоцыямі ад дзвух спектакляў: “Ці то падлога, ці то столь” па праблеме алкагалізацыі і “Смак рызыкі” па праблеме рызыкоўных сэксуальных паводзін. Удзельнікі калектыву стажыраваліся ў пластыцы на базе Фларэнтыйскага ўніверсітэта ў Італіі.
Таксама на сцэне каля Моладзевага цэнтра выступіў жанглёр Максім Шылаў, эквілібрыст Яўген Валошын і сталічны музыка Андрэй Карповіч.
Завяршыўся вулічны фестываль прадстаўленнем “Залаты век” сталічнага пластычнага тэатра “ІнЖэст” Вячаслава Іназемцава (Іншы Жэст) на зялёнай пляцоўцы каля Плошчы Леніна.
Фота аўтаркі і Яна Лялевіча