Гарадзенцаў пачаставалі дармовымі чыпсамі
На мерапрыемства прыйшло каля 100 чалавек. Для таго, каб атрымаць бясплатна пакунак чыпсаў, удзельнікам акцыі было неабходна на спецыяльных картках напісаць пажаданне арганізатарам свята – кампаніі “Анега”. Спачатку гарадзенцы выстраіліся ў чаргу, але, па запрашэнню вядучага мерапрыемства, хутка збіліся ў адзін натоўп. Кожны хацеў хутчэй атрымаць адразу некалькі пакункаў.
Сабраныя пажаданні арганізатары плануюць захаваць для гісторыі і пасля заканчэння свята даставіць у Мінск. Ля Палацу Рэспублікі ўстановяць ёмістасці ў выглядзе літараў “о”, “н”, “е”, “г” і “а”, якія запоўняць карткамі з усіх гарадоў, дзе адбылася акцыя. Пазней канструкцыю перанясуць на тэрыторыю прадпрыемства.
Акрамя бясплатнай раздачы чыпсаў, арганізатары свята падрыхтавалі конкурсную і забаўляльную праграму. Падчас мерапрыемства музыкі выконвалі песні “Сплін”, “Брава” і іншых расейскіх рок-гуртоў. Конкурсы тычыліся чыпсаў – віктарына пра гісторыю іх з’яўлення, збіранне складанкі з рэкламай “Анегі” і іншыя. У якасці прызоў – фірмовыя майкі і прадукцыя кампаніі.
Акцыя адначасова прайшла ў 11 гарадах беларусі. Акрамя Гродна, бясплатныя чыпсы раздавалі ў Мінску, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Віцебску, Оршы, Наваполацку, Гомелі, Магілёве і Бабруйску.