Экалагічная катастрофа на Гродзеншчыне

|

Інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету высветліла, што прычына трагедыі – выкід сцёкавых вод з ачышчальных збудаванняў камунальнай сістэмы Ашмянаў.

Выкід адбыўся дзесяць дзён таму, у ноч з 22 на 23 мая. Знішчана рыба, занесеная ў Чырвоную кнігу, да таго ж гэта адбылося ў час нераста.

Вінаватыя мусяць кампенсаваць страты. Акрамя таго, на іх будзе заведзена крымінальная справа.

Начальнік Смаргойнскай Міжраённай Інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Уладзімір Аляксеевіч Марчанка паведаміў “Твайму стылю”:

“Вінаватыя ў гэтым здарэнні – РУП ЖКГ Ашмянскага раёна. Але ачышчальныя збудаванні прызначаны для ачысткі гаспадарча-побытавых адходаў. Калі працуе дрожжавы завод, яны проста не спраўляюцца, бо не прыстасаваныя для гэтага. У такой сітуацыі тэхналагічна немагчыма ачысціць сцёкі дрожжавага завода. Магчыма трэба будаваць лакальныя ачышчальныя збудаванні на самім заводзе, бо такія выкіды адбываюцца рэгулярна дзесяцігоддзямі, пра гэта нам паведамляюць рыбакі. У 2007 годзе рыба загінула на працягу шасці кіламетраў, мы таксама прад’яўлялі зыск ЖКГ, але тады не было яшчэ методык для падліку страт. Сённяшнія страты мы падлічылі. Гэта 328 млн. рублёў з-за гібелі рыбы на ўчастку 17,6 га. Заўтра мы плануем перадаць матэрыялы ў пракуратуру”.