Гісторык Алесь Смалянчук прэзентаваў у Мінску новую кнігу
На 180 старонках кнігі сабраныя восем тэкстаў, прысвечаных гісторыі штодзённасці, біяграфістыцы ды вуснай гісторыі.
“Здаецца, што агульная гісторыя – гэта гісторыя пра кожнага чалавека. Але вельмі часта гісторыкі, на жаль, падмяняюць жывога чалавека ў сваім гісторыапісанні пэўнымі схемамі і канцэптамі: сацыяльнымі, эканамічнымі. У выніку атрымліваецца гісторыя падзей, у якой жывыя людзі адсутнічаюць, – сказаў БелаПАН Алесь Смалянчук. – Жывы ж чалавек – гэта матывы паводзінаў. І калі пачынаеш спрабаваць зразумець матывы канкрэтнага чалавека, то гісторыя становіцца больш багатая”.
Паводле яго слоў, гісторык, які піша гісторыю пэўнага кавалку часу, павінен разумець, што чалавек той эпохі адрозніваецца ад чалавека сучаснага. А разуменне таго, “што чалавек пэўнага часу разумеў пад свядомасцю”, дапаможа зразумець і растлумачыць гісторыю, лічыць Смалянчук.
Кніга выйшла ў сэрыі “Бібліятэка “Беларускі калегіюм”.