Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

"Немцы заляцаліся, але мы з імі не гулялі". Успаміны 94-гадовай гродзенкі - Hrodna.life - навіны Гродна

94-гадовая гродзенка Яніна Дудкевіч усё жыццё жыве ў Гродне. Не выязджаючы з роднага горада яна скончыла польскую школу, папрацавала на нямецкай фабрыцы і за саветамі завяла сям’ю. Пра сваё жыццё яна часта распавядае ўнукам і праўнукам. Сваю гісторыю гродзенка распавяла і нам.

Яніна Іосіфаўна Дудкевіч (Леванеўская) нарадзілася ў Гродне ў 1925 годзе ў сямейным доме на вуліцы Правабярэжнай. Каталічка. Яе бацька быў шаўцом, меў сваю краму. Падчас нямецкай акупацыі, дзякуючы знаёмым у магістраце, маладой гродзенцы ўдалося пазбегнуць вывазу на працы ў Нямеччыну.

«Я нарадзілася ў доме над самым Нёманам. Дзяцінства я заўсёды ўспамінаю з задавальненнем, нам было добра жыць на беразе. Побач былі добрыя суседзі, у асноўным палякі. Тата мой быў шаўцом, а мама не працавала — у яе былі праблемы з сэрцам. Моцна хварэла. І калі мне было 10 гадоў яна памерла. Я з сястрой і братам засталіся на плячах бацькі. Ён нас вельмі любіў і стараўся максімальна клапаціцца пра нас».

"Немцы заляцаліся, але мы з імі не гулялі". Успаміны 94-гадовай гродзенкі
Пасля першай камуніі ля Бернардынскага касцёла, 1930-я гг.

Справа бацькі дапамагала жыць

Бацька Яніны Іосіфаўны спачатку працаваў шаўцом дома, але калі абзавёўся шматлікімі кліентамі, то вырашыў пашырыцца і адкрыць сваю краму-майстэрню.

«Ён сам працаваў у краме, а таксама наймаў рабочых палякаў і праваслаўных. Яўрэі, якіх у горадзе было шмат, стараліся не займацца такой нізкааплатнай працай. Яны былі ў асноўным начальнікамі. Першы магазін нашага бацькі быў на вуліцы Замкавай, недалёка ад пажарнай вежы. Памятаю, ён выходзіў з дому, падымаўся па большай лесвіцы і выходзіў якраз да крамы. Яна была невялікая, бацька спецыяльна шукаў месца з малай арэндай. Незадоўга да 1939 года бацька ўжо адчыніў краму на Дамініканьскай [суч. Савецкая]. Амаль на сярэдзіне вуліцы, насупраць жаночай гімназіі. Мы не былі багатай сям’ёй, але заробак бацькі дапамагаў нам жыць, а таксама забяспечваць усім неабходным: харчаваннем, адзеннем і годнай вучобай.

Я вучылася ў агульнаадукацыйнай школе, здаецца № 7 яна называлася. Гэта там, дзе быў тонкасуконны камбінат у савецкія гады. Там вучыліся дзяўчынкі, вось там я была з сястрой. А брат хадзіў у гімназію на Акадэмічнай. У польскай школе я скончыла 7 класаў, гэта якраз у 1939 годзе было. Планавала паступіць у купецкую гімназію, але пачалася вайна — Германія напала на Польшчу, а ў Гродна ўвайшлі савецкія войскі".

З новай уладай не спрачаліся

У 1939 годзе з прыходам савецкай улады сям’я Леванеўскіх закрыла краму. Галава сям'і стаў працаваць дома. Шматлікія рэпрэсіі ў адносінах да заможных гродзенцаў пры першых саветах Леванеўскіх не закранулі.

«1 верасня я на вучобу не пайшла, ужо тады на вуліцах ляжалі нябожчыкі. Ляталі нямецкія самалёты і бамбілі горад. Цяпер гэтыя падзеі ў Гродне ўжо не ўспамінаюць, бо як такой вайны і не было. Пасля нямецкіх налётаў у Гродна прыйшлі рускія і забралі частку Польшчы сабе, так званыя крэсы. Пра тое, што ідзе да нас савецкая армія, мы пачулі па радыё. Наша сям’я сядзела ціха і хавалася ў падвале. Хтосьці з гродзенцаў спрабаваў абараняць горад, але сур’ёзных баёў не было. На нашай вуліцы бітваў дакладна не было. З новай уладай мы не спрачаліся, бацька згаджаўся з усім. Ён гаварыў па-руску і стараўся адхіліць ад сям'і бяду. Таму мы маўчалі і нікуды не высоўваліся. Бацька працаваў на хаце і так зарабляў. Палякі і рускія не любілі адзін аднаго, але потым прывыклі, куды ты дзенешся з такой уладай.

Пры саветах мяне панізілі ў класах. З сёмага я перайшла ў пяты клас. І нічога не зробіш, трэба было падпарадкоўвацца. Іншая мова і іншая праграма".

"Немцы заляцаліся, але мы з імі не гулялі". Успаміны 94-гадовай гродзенкі
Вучні гродзенскай агульнаадукацыйнай школы імя Міцкевіча. 1930-я гг.

Шылі для немцаў

Падчас нямецкай акупацыі немцы збіраліся вывезці Яніну ў Нямеччыну, на прымусовыя работы. Але дзякуючы знаёмствам яе бацькі ў магістраце адпраўкі ўдалося пазбегнуць. Гродзенка засталася ў родным горадзе і працавала на нямецкай фабрыцы.

«У 1941 годзе пачалася ўжо сапраўдная вайна. Мы сядзелі як мышы дома. Бацька іншы раз з хаты не дазваляў выходзіць, вельмі перажываў за нас. А мы былі вялікімі дзяўчатамі. А ён усё казаў - сядзіце дома або ў акенца глядзіце. Сам бацька працягваў малаточкам стукаць — абутак рабіў. У адзін дзень мне прыйшла позва, каб з’явілася ў магістрат. Тады маладых гродзенцаў вывозілі на працы ў Нямеччыну, высылалі позвы і вывозілі. У майго бацькі быў добры знаёмы ў магістраце і ён папрасіў яго вырашыць гэтае пытанне. Ён дапамог і зрабіў маладзейшай мяне на 2−3 года. І ў выніку я не падышла па ўзросце. Так я і засталася ў Гродне.

Выезда ў Нямеччыну ўдалося пазбегнуць, а вось працы на немцаў - не. Бліжэй да 1944 году мяне выклікалі працаваць на швейную фабрыку каля аўтавакзалу. Шылі ўсё для немцаў, у асноўным гэта было рабочае адзенне. Нічога ваеннага. За працу плацілі, але вось скрасці нічога нельга было. Старанна правяралі. У першую змену яшчэ сяк-так можна было са знаёмымі вяртацца дадому, але вось з другой, калі ў 23:00 сканчалі, то даводзілася бегчы. Я вельмі баялася немцаў, як чарцей. Маглі папросту так збіць і расстраляць. А яны яшчэ падэшву падбівалі нейкімі жалезнымі шыпамі і чуваць было як хадзілі, то ад гуку ботаў даводзілася заўсёды хавацца".

«Мы з немцамі не гулялі»

У 1944 годзе ў адзін з налётаў авіяцыі пацярпеў дом Леванеўскіх, сям’я перабралася жыць да сына на Падольную. Ён падчас акупацыі ажаніўся і са сваёй жонкай жыў асобна.

«Наш дом на берагу пацярпеў і бацька сказаў ісці да сына, брата майго. Жылі там некаторы час спакойна. Яго дом таксама быў ля Нёмана.

Немцы спрабавалі заляцацца да нашых дзяўчат, і яны не лепш былі, таксама стараліся спадабаецца вайскоўцам. Мы з сястрой не ішлі да салдат, толькі з нашымі хлопцамі гулялі. Ладзілі дома прываткі. Завешвалі шторы, каб нічога не было відаць. Уключалі ціха музыку і танчылі. У прызначаны час усё разыходзіліся. А прыходзілі ў асноўным суседзі - моладзь. А немцы бурна адпачывалі ў рэстаранах і іншых публічных месцах у горадзе, мы там ніколі не з’яўляліся.

Аднойчы па радыё, якое мы хавалі дома, неяк пачулі, што набліжаецца савецкі фронт. Чутныя ўжо былі стрэлы гармат. На працу на фабрыку я не пайшла, а бацька наадварот казаў, каб я схадзіла, бо могуць быць непрыемнасці. Не пайшла і правільна зрабіла. Баі прыблізіліся і да горада. Мы сядзелі ў падвале да заканчэння баявых дзеянняў. Нават па ваду ў калодзеж небяспечна было выйсці, бо маглі забіць. Неўзабаве ў Гродна ўвайшлі савецкія часткі".

"Немцы заляцаліся, але мы з імі не гулялі". Успаміны 94-гадовай гродзенкі
Яніна з сятрой і братам у цэнтры Гродна, 1940-я гг.

«Гэта наш сусед — гродзенец»

Яніна Іосіфаўна ў сваіх успамінах часта распавядае пра гродзенскіх яўрэяў, якіх да вайны з немцамі ў Гродне была ледзь не большасць насельніцтва. Пасля вайны іх засталося ўсяго некалькі дзясяткаў.

«Гродзенскія яўрэі былі добрымі людзьмі, мы з імі сябравалі. Быў у нас адзін сусед на Новазамковой, Іцык звалі. Прыемны быў жыдэк. Да яго пастаянна хадзілі па прадукты. А ён прадаваў усё. Можна было і без грошай браць, на кніжку. Яшчэ за палякамі хапала гродзенцаў, якім не падабаліся яўрэі, казалі не купляць у іх і не сябраваць. Але ў нас праблем з імі ніколі не было.

Калі прыйшлі немцы, то яны страшна здзекаваліся з гродзенскіх яўрэяў. Загналі іх у гета і агарадзілі яго. У бацькі быў знаёмы яўрэй, які часам дапамагаў з абуткам у краме. Яго забралі ў гета з сям’ёй і бацька насіў яму пасылкі. А калі забаранілі дапамагаць, то перадаваў іх левымі шляхамі.

Шкада было людзей, я проста не разумею, як можна так было здзекавацца з людзей. Для нашай сям'і ніколі не было розніцы, якой чалавек нацыянальнасці - яўрэй, рускі ці паляк. Гэта наш сусед — гродзенец. А немцы прыйшлі, загналі іх у гета і трымалі, а калі хтосьці збягаў, то маглі адразу расстраляць 3−5 чалавек. Так і з палякамі было, калі ў горадзе нехта забіваў немца, то бралі ў закладнікі цывільных".

У Польшчу не з’ехала

Жанчына кажа, што пасля вайны страх у горадзе яшчэ прысутнічаў, бо савецкая ўлада пачала вывозіць мясцовае насельніцтва. Бяда не абмінула і сям’ю Леванеўскіх.

«Савецкая ўлада пачала вывозіць нашых людзей. Без суда. Прыязджала пад дом машына, мы яе называлі „чорны воран“. Заходзілі людзі ў дом, пыталі пра чалавека, які ім патрэбны быў, а пасля забіралі яго і з’язджалі. У мяне так сястра ў іх рукі трапіла. Хтосьці нагаварыў так, што яе вывезлі ўглыб Расіі. Бязвінна вінаватая была. Год яе не было ў Гродне, а пасля вярнулася, бо апраўдалі. Бацька і брат з’ехалі як рэпатрыянты на польскае Памор’е, а я ў 1946 годзе выйшла замуж і засталася ў горадзе. Жыву ў роным Гродне і сёння».

"Немцы заляцаліся, але мы з імі не гулялі". Успаміны 94-гадовай гродзенкі
Яніна Дудкевіч у 2019 годзе

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact info@hrodna.life