Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Амерыканскае марожанае Häagen-Dazs прыдумаў хлопец з Гродна

Адзін з самых вядомых брэндаў марожанага ў Злучаных Штатах Амерыкі — Häagen-Dazs. Яго часта ўспрымаюць як прадукт еўрапейскай якасці, быццам бы з каранямі з Даніі, якая славіцца сваёй малочкай. Але насамрэч — гэта цалкам амерыканская марка. Заснаваў яе выхадзец з Гродна, піша канал Hrodna 11:27.

Заснавальнік Häagen-Dazs Рубэн Матус нарадзіўся ў Гродне 25 снежня 1912 года ў яўрэйскай сям'і. У 1921 годзе ён разам з маці пераехаў у ЗША. Сваю «кар'еру» ў вытворчасці марожанага ён пачаў у дзяцінстве: дапамагаў дзядзьку і маці рабіць і прадаваць італьянскі лімонны лёд у Брукліне.

Паводле адной з версій, Рубэн мог нарадзіцца не ў беларускім Гродне, а ў невялікім сяле Гродна ў сённяшнім Вялікапольскім ваяводстве Польшчы. Справа ў тым, што ў Польшчы існуе некалькі розных дробных населеных пунктаў, якія называюцца Grodno або Grodna.

У 1930-х ён разам з жонкай Розай (таксама эмігранткай з яўрэйска-польскімі каранямі, якая прыехала ў Нью-Ёрк у тым жа годзе, што і Рубэн) заснаваў фірму Senator Frozen Products. Яны прадавалі шакаладныя батончыкі і марожанае з вазка.

Пасля Другой сусветнай вайны дробныя вытворцы сутыкнуліся з вялікай канкурэнцыяй. Вялікія канцэрны пачалі цэнавую вайну, прымушаючы канкурэнтаў таксама зніжаць цэны. Каб выжыць, Матусы вырашылі стварыць марожанае прэміум-класа — насычанае, з натуральных інгрэдыентаў, без штучных дадаткаў.

Хітрыкі з «імпартнай» назвай

Рубэн Матус. Крыніца: newyorkalmanack.com
Рубэн Матус. Крыніца: newyorkalmanack.com

На маркетынг грошаў не было. Таму яны пайшлі на хітрасць: прыдумалі «замежную» назву Häagen-Dazs, якая павінна была асацыявацца з Еўропай. Назвы прыдумалі ў гонар Даніі. Сам Рубэн Матус заяўляў, што назваў сваё марожанае «па-дацку» ў знак удзячнасці за стаўленне да яўрэяў у час Другой сусветнай вайны. Сапраўды, кароль і ўрад Даніі, а таксама звычайныя яе грамадзяне, у час акупацыі гітлераўцамі баранілі і змаглі выратаваць большасць яўрэяў краіны. Матусы нават размясцілі мапу Даніі на ўпакоўцы. Senator Frozen Products пераўтварылася ў Häagen-Dazs у 1960 годзе.

У дакументальным фільме 1999 года дачка Матуса, Дорыс Хёрлі, узгадвала: «Тата гадзінамі сядзеў за кухонным сталом, паўтараў незразумелыя словы, пакуль нарэшце не прыдумаў унікальную і арыгінальную назву».

Рубэн спецыяльна выкарыстаў літару з умлаўтам — хоць у дацкай мове літары «ä» няма, — бо, як ён сцвярджаў, гэта прыцягвала ўвагу. «Гэта што, імпартнае марожанае?» — запытваліся людзі. Пінта (470 мл) Häagen-Dazs каштавала 75 цэнтаў — значна даражэй за марожанае канкурэнтаў, якое прадавалася за 53 цэнты.

Шлях Häagen-Dazs да сусветнай вядомасці

Першыя смакавыя варыянты былі простымі: ваніль, шакалад і кава. Затым з’явіўся смак клубніц — на стварэнне яго спатрэбілася 6 гадоў! У 1976 годзе заснавальнікі брэнда разам з дачкой Дорыс адкрылі першую краму Häagen-Dazs у Брукліне.

Неўзабаве з’явіліся чарговыя крамы. Маркетынгам займалася ў асноўным Роза. Пакуль яе муж працаваў над тэхналогіяй, яна ўзмацняла брэнд і пашырала яго вядомасць.

У 1983 годзе сям’я прадала бізнес за $ 70 мільёнаў. Яшчэ некалькі гадоў пасля продажу брэнда Матусы былі кансультантамі ў новага ўласніка Häagen-Dazs. У 1992 годзе яны паспрабавалі вярнуцца ў бізнес з новым марожаным Mattus' Lowfat Ice Cream — з адмыслова зніжаным утрыманнем тлушчу. Але ў 1994 годзе Рубэн памёр.

Яго жонка Роза пражыла да 2006 года. У 2023 годзе ўласнікі маркі Häagen-Dazs прывяцілі ёй публікацыю з нагоды Міжнароднага жаночага дня.

Сёння створанае гродзенцам у Нью Ёрку марожанае Häagen-Dazs прадаецца ў 90 краінах свету, а фірмовыя крамы ёсць у 40 краінах.