Аб’ехаць Падляшша за два дні: якія цікавасці вакол Беластока можна пабачыць, калі маеш правы кіроўцы

Турыстычны маршрут па Падляшшы з DenisDrive

Праехаць больш за 300 кіламетраў і ўбачыць больш за дзясятак лакацый на Падляшшы можна за два дні. Але пры ўмове, што вы маеце правы кіроўцы і аўтамабіль. Журналіст Hrodna.life праехаў вакол Беластока і склаў маршрут на выхадныя па месцах, у якія не заўсёды лёгка дабрацца грамадскім транспартам.

На маршруце вас чакаюць палацы і цэрквы, татарскія стравы, від на Беларусь з вышыні і месца, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі.

Гэты маршрут можна лёгка адаптаваць пад сябе. Напрыклад, праехаць палову ў адзін выхадны дзень, а другую частку маршрута адкласці на наступны. Гэта ўмоўнае “залатое кальцо” вакол Беластока найлепш раскрываецца кіроўцам, якія могуць гнутка спланаваць дарогу на ўласным аўто. У некаторыя з гэтых кропак дабрацца грамадскім транспартам будзе доўга, складана або наогул немагчыма.

Калі ж у вас яшчэ няма правоў, але вы марыце пра большую незалежнасць ад польскіх аўтобусаў ці чыгункі, звярніце ўвагу на аўташколу Denis Drive. Гэта сучасная школа падрыхтоўкі кіроўцаў, якая працуе ў Варшаве, Беластоку, Уроцлаве і Гдыні. Важная дэталь – школа арыентавана на замежнікаў. Тэарэтычныя заняткі праводзяцца на рускай мове, а практыка — на польскай, рускай, украінскай або англійскай мовах. Спецыялісты школы падрыхтавалі зручнага Telegram-бота, які дапаможа разабрацца з яе паслугамі.

автошкола denis drive в Белостоке

10 км: першы прыпынак – Хорашч

Каб паспець наведаць усе месцы, з Беластока лепш за ўсё выязджаць раніцай – гадзін у 7. Першая кропка – мястэчка Хорашч, якое размяшчаецца ў 10 кіламетрах ад Беластока ля трасы на Варшаву. У такую рань яно яшчэ будзе даволі соннае, але затое можна будзе зрабіць фота без людзей і ў прыгожых промнях ранішняга сонца.

У мястэчку можна пабачыць палац магната Яна Клеменса Браніцкага – аднаго з самых уплывовых і багатых людзей Рэчы Паспалітай XVIII стагоддзя. Будынак узвялі ў сярэдзіне XVIII стагоддзя на штучнай выспе, сярод каналаў і парку. Гэты палац – дапаўненне так званага “Падляшскага Версаля”, галоўнай рэзідэнцыі гетмана Браніцкага ў Беластоку. Арыгінальны будынак згарэў падчас Першай сусветнай вайны. Таму зараз можна ўбачыць копію, якую пабудавалі ў XX стагоддзі.

Дарэчы, беластачане традыцыйна раяць суразмоўцы “ехаць у Хорашч”, калі сумняваюцца ў адэкватнасці чалавека. Гэта фраза на мяжы фолу з’явілася таму, што мястэчка вядома не толькі палацам, але і псіхіятрычным шпіталём. Ён працуе з 1930-х гадоў і размяшчаецца ў будынку былой суконнай фабрыкі.

Лакацыя: https://maps.app.goo.gl/vuakTizSQEWwN2J46 

30 км: другі прыпынак – Тыкоцін

У 20 кіламетрах ад Хорашча размяшчаецца мястэчка Тыкоцін. У асноўным яно вядома праз Тыкоцінскі замак. Замак на працягу гісторыі разбуралі не менш за тры разы. Таму сённяшняя крэпасць – новабуд, узведзены ў пачатку 2000-х гадоў мясцовым бізнесменам. На тэрыторыі размяшчаецца музей і рэстарацыя.

Тыкоцін цікавы тым, што ў мястэчку захавалася першапачатковая планіроўка горада. Ад цэнтральнай плошчы ваяводы Чарнецкага, якому ў цэнтры ўсталяваны помнік, разыходзяцца вуліцы. Па іх можна патрапіць у яўрэйскі квартал з сінагогай (там музей), альбо на Стары рынак – пляц з гандлёвымі шапікамі.

Уздоўж ракі Нараў пракладзены бульвар, па якім прыемна шпацыраваць. Яшчэ ў мястэчку ёсць касцёл і будынкі ажно двух манастыроў. У самым цэнтры горада можна паснедаць (калі вы не зрабілі гэта дома перад выездам) альбо выпіць кавы. У адной з мясцовых кавярняў на сценах вісяць карціны мясцовых мастакоў, а спецыфічную атмасферу ствараюць печ “буржуйка” і песні тыкоцінскага выканаўцы Рышарда Матусевіча.

Лакацыя: https://maps.app.goo.gl/zq1ZsRLRVX7AGAPC7

55 км: трэці прыпынак – Саколы

З Тыкоціна едзем на поўдзень. У 25 км размяшчаецца мястэчка Саколы. Там можна паглядзець драўляную царкву XVIII стагоддзя і неагатычны касцёл. Каталіцкі храм тут існаваў яшчэ з XV стагоддзя, але сённяшні ўзвялі ў пачатку XX стагоддзя.

На пытанне – “А дзе ў Саколах старая драўляная царква?” – прадавачкі ў краме адказалі нечакана: “У нас няма старых цэркваў. Гэта трэба пад Бельск ці Гайнаўку ехаць шукаць”. Але храм мы адшукалі на ўскрайку мястэчка, на могілках.

Першапачаткова ўніяцкую царкву ўзвялі ў 1758 годзе ў Тыкоціне. Але ў 1833 годзе барочны храм перанеслі сюды. Тады ж уніяцкая царква стала каталіцкім касцёлам. Вось таму жанчыны ў краме і не сцямілі, што гаворачы пра царкву, мы мелі на ўвазе менавіта гэтае месца. Сёння касцёл XVIII стагоддзя выглядае ўпарадкаваным і дагледжаным.

Лакацыя: https://maps.app.goo.gl/4EvtNzg21MMeuZ5A6 

90 км: чацвёрты прыпынак – Рудка

Працягваем шлях на поўдзень. Праз 35 кіламетраў трапляем у мястэчка Рудка. Там можна паглядзець неабарочны палац Асалінскіх. Першапачатковы будынак узвялі ў 1763 годзе. Але перад Першай сусветнай вайной будынак перабудавалі, а падчас Другой сусветнай вайны палац моцна пашкодзілі. У 1960-1970-х гадах будынак зноў перабудавалі, але сёння ён усё роўна выглядае велічна і шыкоўна. Нам ён чымсьці аддалена нагадаў па атмасферы знакаміты палац Чацвярцінскіх у Жалудку. Зараз у палацы ў Рудцы размяшчаецца комплекс сельскагаспадарчай школы.

Лакацыя: https://maps.app.goo.gl/6bXaGUhBMuCS9Uwm7 

125 км: пяты прыпынак – Бельск Падляскі

З Рудкі выязджаем на ўсход – у бок Бельска Падляскага. Ехаць прыкладна 30 хвілін – каля 35 кіламетраў. Перад наведваннем Бельска можна заехаць у яго прыгарад Студзіводы, каб наведаць унікальны Музей Малой Айчыны. Каля старых хат можна ўбачыць разьбяныя скульптуры і пано, у тым ліку беларускіх майстроў. Альбо сфатаграфаваць старыя вокны ці дзверы і паспрабаваць паўтарыць фотаздымкі Міхала Анемпадыстава з кнігі “Колер Беларусі”.

Лакацыя: https://maps.app.goo.gl/WD1XjbYJ5V7xvc1s9 

У самім Бельску можна пашпацыраваць па цэнтры. Даволі блізка адно ад аднаго размяшчаецца гарадская ратуша з музеем, драўляная царква Святога Міхаіла Архангела і цэнтральны парк.

Лакацыя: https://maps.app.goo.gl/Et3trWA7fR2csdwF8 

140-160 км: шосты і сёмы прыпынкі – Орля і Гайнаўка

З Бельска едзем далей на ўсход – у бок горада Гайнаўка. На машыне ехаць 20 хвілін. Але мы прапануем збочыць з дарогі, зрабіць пару лішніх кіламетраў і заехаць па дарозе ў мястэчка Орля. Сама гміна цікавая тым, што ў ёй на дзяржаўным узроўні другой афіцыйнай мовай з’яўляецца беларуская. Тэкст на дарожных указальніках дублюецца на кірыліцы. У самім мястэчку можна паглядзець на будынак старой закінутай сінагогі.

У Гайнаўцы абавязкова трэба зайсці ў Беларускі музей з экспазіцыяй традыцыйных беларускіх рамёстваў і хатняга побыту.

Калі выязджаць з Беластока рана і няспешна наведваць усе кропкі, то ў Гайнаўцы вы будзеце акурат у час, калі варта будзе паабедаць. Таму звярніце ўвагу, што адразу за музеем размяшчаецца рэстарацыя Mozaika. Там можна пакаштаваць як сучасныя, так і традыцыйныя падляскія стравы. Напрыклад, флякі і бабку, а таксама выпіць квасу.

Лакацыя: https://maps.app.goo.gl/dcHxFFN8VWYfYPKa8 

Такі маршрут можна лёгка праехаць за адзін дзень. Далей можна вярнуцца ў Беласток (каля 60 км) і па дарозе заехаць у вёску Пшыбудкі – дзе расце вялікі дуб “Дунін”. І вёску Тшэсцянка, якая мае турыстычную назву “Краіна адкрытых вокнаў”. Бо там літаральна кожны дом упрыгожаны разнымі драўлянымі ліштвамі.

Дома ў Беластоку вы будзеце ў выніку не надта і позна, а ўражанняў ад падарожжа застанецца шмат.

Другі варыянт – застацца на начоўку ў Гайнаўцы. А яшчэ лепей арандаваць дамок на ноч у Белавежскай пушчы. Амаль у кожнай вёсцы там прапануюць начлег.

Дзень другі: Белавежская пушча і возера Семяноўка

Белавежская пушча пачынаецца адразу за Гайнаўкай. Па маляўнічай і вузкай дарозе праз густы лес, можна вырушыць у бок Белавежы і наведаць “Запаведкік зуброў” альбо прайсціся сцежкамі на “Шляху каралеўскіх дубоў”. 

Лакацыя: https://maps.app.goo.gl/NeGmnY4BZdNm9XDy5 

Праз Белавежскую пушчу можна паехаць на поўнач. У 25 кіламетрах ад Запаведніка зуброў размяшчаецца вадасховішча Семяноўка (Zalew Siemianówka або Jezioro Siemianowskie). Гэта адзін з найвялікшых штучных вадаёмаў у Польшчы, які стварылі ў 1970-х гадах на рацэ Нараў. Таксама цікава, што наўпрост праз вадаём па насыпу пракладзена чыгуначная каляіна, якая вядзе ў мястэчка Свіслач у Гродзенскай вобласці. Гэта адзін са шляхоў для грузавых цягнікоў.

Лакацыя: https://maps.app.goo.gl/JgcPBEwqcBSHHCYo7

Калі аб’ехаць вакол вадасховішча, то на супрацьлеглым беразе стаіць трохярусная аглядная вежа. З яе адкрываецца панарама на палі побач з вадаёмам. І Беларусь добрая бачная.

Месцы Каліноўскага: Ялоўка і Мастаўляны

Адтуль на аўтамабілі можна вырушыць у вёску Ялоўка (Jałówka) – 12 кіламетраў на поўнач ад возера. Там можна паглядзець руіны касцёла святога Антонія.

Храм пабудавалі ў пачатку XX стагоддзя. Першапачатковы праект касцёла ў раманскім стылі змянілі падчас пабудовы. У выніку храм атрымаў рысы неаготыкі. У 1944 годзе адступаючыя нямецкія войскі замініравалі вежу храма. У выніку яна абрынулася на касцёл і пашкодзіла святыню.

У Ялоўцы ёсць яшчэ адзін касцёл – дзейсны. І вось насупраць яго, там дзе зараз будынак плябаніі, калісьці стаяў стары драўляны касцёл, дзе хрысцілі аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў Кастуся Каліноўскага. Сёння пра гэта, праўда, нічога не нагадвае.

Лакацыя: https://maps.app.goo.gl/NaRdj4zqSepyon5d6 

У сямі кіламетрах на поўнач ад Ялоўкі размяшчаецца вёска Мастаўляны. Там Каліноўскі нарадзіўся. У цэнтры вёскі знаходзіцца помнік паўстанцам. А ў лістападзе 2025 года на ўскрайку вёскі ўсталявалі памятныя шыльды побач з месцам, дзе размяшчалася сядзіба Каліноўскіх. З вёскі можна ўбачыць Беларусь. Бо мяжа пралягае прыкладна ў 100 метрах ад помніка, па іншы бок ракі Свіслач.

Фактычна, і Ялоўка і Мастаўляны – частка гістарычнай Ваўкавышчыны. Але так склалася гістарычна, што сёння яны ў Польшчы.

Паводле Google Maps ехаць ад Ялоўкі да Мастаўлян на аўтамабілі 11 хвілін. Але разлічвайце, што час павялічыцца. Бо шлях пралягае праз грунтовыя дарогі і старыя брукаванкі. Таму беражыце падвеску свайго аўтамабіля і едзьце не спяшаючыся.

А яшчэ не забудзьцеся ўзяць з сабой пашпарты і ВЖН – падрыхтуйцеся да вельмі верагоднага кантролю з боку польскіх пагранічнікаў. Іх тут мноства.

Лакацыя: https://maps.app.goo.gl/PSrAQmg7GEXCTsx1A 

Крушыняны – татарская вёска, якую наведваў будучы брытанскі манарх

З Мастаўлян выязджаем на поўнач – уздоўж польска-беларускай мяжы. Праз памежныя вёскі, па брукаванцы, назіраючы з акна аўтамабіля беларускія лясы, выязджаем у Баброўнікі. У 10 кіламетрах ад памежнага пераходу знаходзіцца татарская вёска Крушыняны. Яе ў 2010 годзе наведваў тады яшчэ прынц Чарльз, які сёння ўзначальвае манархію Вялікабрытаніі пад іменем Карл ІІІ.

Мясціна адметна сваёй мячэццю XVIII стагоддзя, якая стаіць у цэнтры вёскі. Побач размяшчаюцца татарскія могілкі. Акрамя гэтага ў Крушынянах можна спыніцца на абед.

У рэстаране Tatarska Jurta прапануюць традыцыйныя татарскія стравы. За чабурэк вагой 400 грамаў і порцыю плову ў 400 грамаў з кампотам вы заплаціце каля 100 злотых. Нягледзячы на вялікую залю рэстарана і веранду на вуліцы, у выхадны дзень усе месцы могуць быць занятыя. А вам прыйдзецца пачакаць у чарзе, пакуль вызваліцца столік.

Таксама ў вёсцы ёсць шапік з сувенірнай прадукцыяй. Акрамя магніцікаў там можна набыць розныя падляскія напоі, у тым ліку і бузу (гэта такі слабаалкагольны набой з забрадзіўшай пшонкі, які ў пачатку XX стагоддзя на Падляшша і Гродзеншчыну прывезлі эмігранты з Македоніі). Альбо набыць кнігі пра Падляшша.

Лакацыя: https://maps.app.goo.gl/Hg3tEGBb8GGnYjQo6

Крынкі – мястэчка з унікальнай для Польшчы дарожнай развязкай

Едзем далей на поўнач. Праз 10 кіламетраў ад Крушынян знаходзіцца мястэчка Крынкі. У горадзе можна паглядзець праваслаўны і каталіцкі храмы. Таксама тут захаваўся будынак сінагогі, які ў другой палове XIX стагоддзя ўзвялі хасіды з беларускага Слоніма. Акрамя гэтага ў мястэчку можна паглядзець руіны Вялікай сінагогі і вежавую званіцу XVIII стагоддзя – якую лічаць самым старым будынкам у Крынках.

Аўтамабілістам гэты горад можа быць цікавым тым, што ў цэнтры размяшчаецца кальцавая развязка, ад якой разыходзяцца 12 вуліц. Гэта адзіная падобная развязка ў Польшчы і другая ў свеце. Яшчэ адна такая знаходзіцца ў Парыжы.

Лакацыя: https://maps.app.goo.gl/QC81rTyEgayMkV298 

Супрасль і Васількоў

З Крынак можна выязджаць на захад у бок Беластока. У 30 кіламетрах ад Крынак знаходзіцца мястэчка Супрасль. Адразу побач з дарогай, над ракой Супрасль, узвышаецца манастыр, які заклалі яшчэ ў 1498 годзе.

Тут можна пакінуць аўтамабіль на паркінгу і прагуляцца па бульвары ўздоўж ракі альбо наведаць музей ікон ці музей друку. Побач з манастыром размяшчаецца адметны драўляны будынак старой пошты.

Лакацыя: https://maps.app.goo.gl/dd9VagdVFnLk9Qct9

Перад вяртаннем у Беласток можна заехаць у мястэчка Васількоў, а дакладней размешчаны побач з ім Санктуарый Маці Божай Балеснай у Святых водах. На ўзвышшы, побач з трасай на Гродна, размяшчаюцца крыжы, якія там пакідаюць паломнікі.

Паводле легенды, у XV стагоддзі сляпы старац, які згубіўся ў лесе і стомлены заснуў, убачыў у сне Божую Маці. Яна сказала, каб пасля прабуджэння ён раскапаў зямлю на месцы, дзе ён спаў, і ўмыўся вадой, якую адшукае ў зямлі. Калі той прачнуўся і выканаў гэта, да яго вярнуўся зрок.

Вынікі: колькі кіламетраў трэба праехаць і што па грошах

Агулам гэты двухдзённы маршрут складае каля 350 кіламетраў. У сярэднім, на паліва прыйдзецца выдаткаваць каля 200 злотых (але гэта, вядома, залежыць ад расходу ў вашым канкрэтным аўто).

Дадаткова варта падлічыць ежу – у раёне 100 злотых на асобу за паўнавартасны абед у рэстаране. Начлег у пушчы абыйдзецца таксама каля 100 злотых за асобу. Дадаткова далічыце каву альбо гарбату на запраўках.

У сярэднім такое падарожжа можа абысціся ў раёне 500 злотых, калі вы плануеце падарожнічаць адзін. З сямёй ці сябрамі агульная цана вырасце за кошт ежы і начлегу. Але яно таго варта, тым больш, калі маеце такую магчымасць і ўласны аўтамабіль.

Каб убачыць гэта на свае вочы, запісвайцеся ў Denis Drive!

Бо правы кіроўцы і аўтамабіль – гэта свабода. Свабода падарожнічаць і наведваць месцы, якія часам бываюць цяжкадаступныя для грамадскага транспарту. З правамі ў кішэні не трэба думаць пра расклады аўтобусаў і цягнікоў, дапасоўваць да іх свой вольны час.

Правы ў Польшчы можна здабыць, адвучыўшыся ў аўташколе Denis Drive. Гэта сучасная аўташкола, якая рыхтуе да экзамену ў WORD і дазваляе хутка і якасна атрымаць prawo jazdy kat. B.

Навучанне праходзіць на сучасных аўтамабілях, аналагічных тым, якія выкарыстоўваюцца на экзаменах у WORD: Suzuki Swift, Toyota Yaris і Hyundai i20.

У Беластоку аўташколу Denis Drive можна знайсці па адрасе:
– ul. Lipowa 17/1
Час працы: панядзелак – пятніца, 10:00 – 18:00
☎ 733 949 043
☎ 733 949 041

автошкола denis drive в Белостоке

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы