Пакуль лета ў самым разгары, трэба паспець пачаставацца галоўнай летняй стравай беларусаў — халадніком. Hrodna.life паглядзеў, дзе ў горадзе прапануюць халодны суп, колькі ён каштуе ў 2025 годзе ў розных установах і якія водгукі пакінулі госці.
Дзе з’есці халаднік у цэнтры Гродна
У пабе «Mr. Hops» на набярэжнай Нёмана ёсць халодны боршч у асноўным і ў абедзенным меню. Цана за суп з асноўнага меню на кефіры і з бульбай фры — 12 руб. за порцыю 350 грам. У абедзенным меню халодны боршч таннейшы — 2,7 руб. за 250 грам. У водгуках наведвальнік Максім адзначае, што такі ж смачны суп еў толькі ў Вільне. Праўда, водгук не вельмі актуальны — яго пакінулі чатыры гады таму.

Ёсць халодны суп і ў карчме «Подкова» на Кірава — 350 грам халадніку абыдуцца ў 12 руб. Картопля ідзе ў дадатак. Наведнікі пішуць, што ў кафэ падаюць «велізарную талерку густога халадніку з яйкам». Аўтар водгуку просіць улічыць, што суп гатуецца менавіта на кефіры — «таму будзе крыху пабрадзіўшы, кісламалочка ўсё ж. Затое дэтокс і абнаўленне».
У кафэ традыцыйнай беларускай кухні «Карчма» на вуглу Савецкай і Ажэшкі 250 грам халадніку каштуюць 4 руб. Згодна з водгукамі наведвальнікаў, гэта адзін з найлепшых супоў, якія яны елі ў Гродне. «Дранікі і халаднік — проста смаката», — напісаў Аляксандр. Такіх жа поглядаў прытрымліваецца і Інна: «Боршч, халаднік, дранікі, хатнія пельмені — усё вельмі смачна».

На абед халаднік з печанай бульбай падаюць у рэстаране «Муравьёв» на Савецкай плошчы. Цана — 5,5 руб. Госці адзначаюць, што ў выкананні кухараў рэстарану «суп вельмі смачны».
Пачаставацца халадніком з агуркамі і бульбай можна ў кавярні «Справа» на Маставой, 31. Страва абыдзецца ў 16 руб.
Дзе падаюць халаднік у гандлёвых цэнтрах Гродна
У сеткавым кафэ «Garage» (у ТРК «Трыніці») прапануюць крэм-халаднік з печанай бульбай за 11,6 руб.

У сетцы рэстаранаў грузінскай кухні «Хинкальня» (у Гродне ёсць на вуліцы Урыцкага і ГЗК «Triniti») прапануюць халаднік за 12 руб. У дадатак — картопля па-вясковаму. У асноўным водгукі добрыя — суп падабаецца. Але Вольгу расчаравала падача — ёй прынеслі ўсяго адну бульбіну. «А на здымку апетытны сэт бульбяны. Чамусьці падача зусім іншая была», — падзялілася жанчына.

Халаднік гатуюць і ў піцэрыі «Темпо» на вул. Дубко. Суп на смятане і кефіры падаюць разам з яйкам. Страва вагой у 265 грам абыдзецца ў 10,2 руб. У водгуках Анастасія напісала, што суп «проста чароўны».
У суседняй установе «Васількі» купіць халаднік можна за 10 руб. Васіль адзначыў, што суп быў густаватым.
