Фатограф з Гродна Ян Хведчын стаў удзельнікам расійскага рэаліці-шоу «Дом-2». Ён прыйшоў на праект 14 верасня, каб, паводле яго слоў, стварыць сям’ю. Цяпер адна з сюжэтных ліній з яго ўдзелам — суперніцтва за ўвагу яшчэ адной удзельніцы Эліны Рахімавай.

У афіцыйнай картцы Хведчына пазначана, што ён з Масквы, а на момант прыходу яму быў 31 год. Аднак хлопец — з Гродна. Ён працаваў фотакарэспандэнтам газет «Перспектива» і «Гродзенская праўда». Таксама займаўся вясельнай здымкай.

Пра ўдзел у шоу Хведчын расказвае і ў сваім Instagram.

Заляцаецца да Эліны Рахімавай і фатаграфуе ўдзельнікаў

На праекце Хведчын дамагаецца ўвагі Эліны Рахімавай. У выпуску «ДОМ-2. После заката» ад 9 кастрычніка ён спрачаўся з іншым яе прыхільнікам — Аляксеем Безусам. У адным з эпізодаў фатограф парваў на сабе футболку дзеля дзяўчыны.

У іншым анонсе шоу апісваюць паездку Хведчына і Рахімавай у кавярню: ён прапанаваў пачастунак, але ў выніку выдаткі давялося несці самой Эліне. Яна некалькі разоў папрасіла Хведчына расказаць падпісчыкам і гледачам, хто каго пачаставаў, але ўрэшце пра аплату расказала сама. Праўда, чаму не заплаціў Ян, падрабязна не патлумачыла.

Хведчын на шоу таксама фатаграфуе іншых удзельнікаў. Вакол гэтага будуюць асобную сюжэтную лінію: гледачам прапануюць абмеркаваць, кім жа ён з’яўляецца на праекце — запрошаным фатографам ці ўдзельнікам.

Раней прывозіў бульбу на шоу знаёмстваў

Гэта не першая спроба Хведчына знайсці адносіны на расійскім тэлебачанні. У чэрвені 2022 года выйшаў выпуск шоу «Сердце за любовь» на «СТС Love» з яго ўдзелам.

Праграма была арганізаваная як дэйтынг-аўкцыён: дзяўчаты выбіралі хлопцаў, прапаноўваючы за іх умоўную валюту — «сэрцы». Мужчыны перад гэтым расказвалі пра сябе і ацэньвалі сябе ў 100, 300 або 500 сэрцаў.

Хведчын паведаміў, што прыехаў з Беларусі, і падарыў кожнай удзельніцы мяшэчак бульбы.

«Які беларус без бульбы? Таму ў мяне для вас невялікі, маленькі падарунак з беларускіх градак», — сказаў ён.

Фатограф расказаў, што яго працоўны дзень можа пачынацца ў кароўніку, а заканчвацца ў тэатры. Дзяўчыну ён хацеў сустрэць «не разумнейшую за яго», патлумачыўшы, што інакш «ім будзе вельмі сумна».

Сябе Хведчын ацаніў у 300 сэрцаў. З пяці ўдзельніц яго выбралі дзве, але ён не выбраў ніводную з іх.

Хведчин
Ян Хведчын на шоу «Сердце за любовь». Фота: скрыншот з відэа

Прапаноўваў Бузавай завесці дзяцей

У маі 2023 года Хведчын з’явіўся на «Шоу Воли». Калі вядоўца Павел Воля спытаў, хто гатовы завесці дзяцей з Вольгай Бузавай, фатограф адгукнуўся з залы. Яго запрасілі на сцэну.

«Вольга, давай завядзём дзяцей! Я заўсёды марыў пра гэта! Проста сёння! На гэтай праграме!» — звярнуўся ён да спявачкі.

Размова працягнулася жартамі вядоўцы і коміка Іллі Собалева, пасля чаго Хведчын пакінуў сцэну. На пытанне Волі, ці мог бы фатограф заваяваць яе сэрца, Бузава адказала, што не ведае, бо «каханне не паддаецца тлумачэнню».

Здымаўся ў кліпе «Слово пацана»

У снежні 2023 года Хведчын з’явіўся у музычным кліпе «Слово пацана» расійскага выканаўцы Gazan і яго жонкі, харэографкі Паліны Дубковай. Фатограф станцаваў у роліку, які тады трапіў у трэнды YouTube і на той момант набраў больш за паўтара мільёна праглядаў. Гаворка ідзе пра музычнае відэа, а не пра ўдзел Хведчына ў аднайменным серыяле.

Што за шоу «Дом-2»

«Дом-2» выходзіць з мая 2004 года. Удзельнікі жывуць на адной тэрыторыі пад камерамі, спрабуюць будаваць адносіны і галасуюць за сыход іншых герояў. Да канца 2020 года шоу паказвалі на ТНТ, а ўвесну 2021-га яно перайшло на канал «Ю».

За праектам стаіць буйны тэлевізійны бізнес. Паводле «Коммерсанта», у 2015 годзе вытворчасць «Дома-2» прынесла кампаніі «Солярис Промо Продакшн» каля паловы яе гадавой выручкі ў 4,75 млрд расійскіх рублёў. Аднак да моманту сыходу з ТНТ сітуацыя змянілася: кіраўнік «Газпром-медиа» Аляксандр Жараў казаў, што шоу губляла аўдыторыю і апошнія два гады было стратным.

Праект неаднаразова крытыкавалі за канфлікты і бойкі, дэманстрацыю інтымнага жыцця і адносіны дзеля экраннага часу. Крытыкі таксама ставілі пад сумнеў шчырасць удзельнікаў і меркавалі, што герояў падбіраюць так, каб правакаваць больш сутыкненняў.

Цяпер у «Доме-2» 17 удзельнікаў — восем мужчын і дзевяць жанчын. Акрамя Хведчына, хоць ён і прадстаўлены як удзельнік з Масквы, яшчэ трое чалавек з Беларусі: Дзяніс Арцюшэнка з Мазыра, Вераніка Граковіч і Вікторыя Салібекава з Барысава.

Гродзенскі фатограф удзельнічае ў «Доме-2». Раней ён шукаў дзяўчыну на іншым расійскім шоу
Ян Хведчын у адным з эпізодаў шоу «Дом-2». Фота: скрыншот з відэа

Раней у «Доме-2» удзельнічала гродзенка Анастасія Балінская

Ян Хведчын — не першы ўдзельнік праекта з Гродна. У 2017 годзе на «Дом-2» прыйшла Анастасія Балінская. Паводле адукацыі яна эканамістка. Да ўдзелу ў шоу пераехала ў Маскву: расказвала, што ў Гродне не змагла знайсці прыдатную працу па спецыяльнасці і партнёра. На праекце Балінская будавала адносіны з Аляксеем Кудрашовым. Яны разам пакінулі шоу, а ў 2019 годзе вярнуліся, хоць да гэтага казалі, што не плануюць зноў удзельнічаць. Пазней пара рассталася.

У 2023 годзе гродзенка яшчэ раз з’явілася на праекце.

Пасля аднаго з сыходаў з праекта Балінская расказвала, што вярнулася да цырульніцкай справы, якой вучылася раней, і пачала займацца рэканструкцыяй валасоў. Чым цяпер займаецца Балінская — невядома, свае сацсеткі яна вядзе нерэгулярна.