У турыстычным комплексе ў Каробчыцах пад Гроднам уладкоўваюць новы заапарк і кантактную пляцоўку «Жывыя казкі». Сярод жывёл будзе ласіха, якую выратавалі падчас ляснога пажару ў мінулым годзе. Адкрыццё абяцаюць найбліжэйшым часам, паведамляе ТРК «Гродна».

Жывёлы будуць гуляць на агароджанай тэрыторыі

У комплексе ідзе маштабная рэканструкцыя. Падчас работ тут уладкоўваюць дзіцячыя лакацыі і заапарк, дзе жывёлы будуць знаходзіцца на свабодным выгуле ў межах агароджы.

Наведвальнікі змогуць убачыць коней, якаў, авечак, дзікабраза, янота і выратаваную ласіху. Для птушак цяпер будуюць вальеры. Алені застануцца ў лесе на тэрыторыі комплексу.

У кантактным заапарку, які назавуць «Жывыя казкі», паселяць свінак, трусоў, поні, авечак, коз, янота і асла. Афармленне будзе казачным — у ім з’явіцца і доктар Айбаліт.

У комплексе ўжо працуе міні-заапарк

Цяпер на тэрыторыі маёнтка дзейнічае міні-заапарк. Як паведамляецца ў апісанні комплексу, там можна ўбачыць трусоў, качак, лебедзяў, курэй, паўлінаў, коз і янотаў.

Будуюць «Стары горад»

На тэрыторыі комплексу будуюць культурна-гістарычны парк «Стары горад» — квартал у стылі Гродна XIX — пачатку XX стагоддзя.

Парк зойме 1,56 гектара. Тут з’явяцца гандлёвыя рады, рамесныя майстэрні, рэстаран, кінатэатр і ратуша, а таксама будынкі, стылізаваныя пад друкарню, банк, фотаатэлье і чыгуначны вакзал. Унутры размесцяць выставачныя і тэматычныя залы.

Цяпер будаўніцтва ідзе адначасова на некалькіх аб’ектах. Усяго ўзвядуць дзесяць капітальных будынкаў і тры нацыянальныя дамы. Для іх інтэр’ераў ужо збіраюць прадметы побыту ў этнаграфічных экспедыцыях.

У другую чаргу будаўніцтва запланавалі трохзоркавую гасцініцу з лазнева-тэрмальным комплексам. Паводле праекта, яна разлічана на 32 пастаяльцаў — прадугледжаны 12 двухмесных і чатыры шматмесныя нумары.

Зоаабаронцы выступаюць супраць кантактных заапаркаў

Беларускія зоаабаронцы, у прыватнасці арганізацыя «Эгіда», неаднаразова выступалі за забарону кантактных заапаркаў або ўзмацненне жорсткасці правілаў іх арганізацыі і наведвання.

Паводле іх слоў, пастаянныя дакрананні, шум і адсутнасць магчымасці схавацца ад наведвальнікаў выклікаюць у жывёл стрэс. Актывісты таксама звяртаюць увагу на рызыку перакормлівання і недастатковы кантроль за абыходжаннем з жывёламі. Спалох або боль могуць справакаваць ахоўную рэакцыю — укусы і драпіны.

Урач ветэрынарнай медыцыны, дацэнт кафедры акушэрства і тэрапіі УА «ГДАУ» Дзмітрый Воранаў казаў, што ў кантактных заапарках у жывёл няма рэжыму спакою і кармлення, а наведвальнікі выклікаюць у іх пачуццё пастаяннага страху. У такіх умовах значна павышаецца рызыка траўмаў і гібелі жывёл.

Пры гэтым закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», асноўныя палажэнні якога ўступілі ў сілу 1 студзеня 2025 года, не закрануў працу кантактных заапаркаў, цыркаў, дэльфінарыяў і перасоўных звярынцаў. Асобных нормаў для кантактных заапаркаў у ім не прадугледзелі.