Падчас этнаграфічнай экспедыцыі Індурскага цэнтра культуры ў вёску Сіўкава Верцялішскага сельсавета супрацоўнікі сустрэліся з мясцовай жыхаркай Тамарай Рамейкай. Жанчына перадала ў фонд цэнтра культуры два даматканыя дываны, а таксама старадаўнія змовы, піша «Перспектыва».
Дываны ткалі з самаробных нітак, а колер замацоўвалі воцатам
Даматканыя дываны ў 1960 годзе вырабіла маці Тамары Рамейкі — Вера Мніх. Жанчына ткала ў вясковай хаце, дываны ствараліся ў тэхніцы падвойнай якасці і адрозніваліся ўзорамі: яркім каляровым і сіне-белым.
“Станок мусіў стаяць каля акна, каб было відаць. А вечарам лямпу запальвалі, калі была магчымасць яшчэ папрацаваць”, — успамінае Тамара.
Жанчына адзначае, што побыт у пасляваеннай вёсцы быў няпростым. Дастаць адзенне або прадметы інтэр’еру было складана. Таму з авечай воўны ніткі рабілі самастойна: варылі ў пакупной фарбе, а колер замацоўвалі воцатам.
Узор на дыванах рабілі з дапамогай драўлянай дошчачкі – яе падсоўвалі пад аснову ніткі, а калі дошчачку паднімалі, узор станавіўся шырэй.
Дапамагаць маці ў ткацтве Тамара пачала ў 12 гадоў. Жанчына ўспамінае, што пасля вырабы даставалі толькі па вялікіх святах, а таксама у час трагічных падзей. Калі памёр дзядуля сям’і Мніх, дыван заслалі пад труну, каб праводзіць яго ў апошні шлях годна, а не на голых табурэтках.
Усе гэтыя гады Тамара захоўвала вырабы на паліцах шафы. Аддаваць дываны староннім людзям не хацелася. Але перадаць вырабы ў музей жанчына пагадзілася – хацела, каб «глядзелі праўнукі і ўспаміналі: і мяне, і прабабулю».
Супрацоўнікі Індурскага цэнтра культуры ўключаць вырабы Веры Мніх у экспазіцыю ўстановы.
Дзяцей “падкурвалі”, каб адагнаць хваробы
Таксама Тамара перадала Індурскаму цэнтру культуры змовы ад спалоху і загаворы, якія існавалі ў гэтай мясцовасці. Вясковыя знахаркі лячылі немаўлят травамі, сабранымі строга пасля службы ля царквы ці касцёла: іх клалі на вугольчыкі, чыталі малітву і падкурвалі дзіця. Быў і іншы, больш складаны абрад выгнання хваробы.
«Мама кідала вуголле ў вадзіцу, там таксама малітву казала. Потым тры разы давала гэтай вадзіцы лыжачкай выпіць. І спалох сапраўды «выліваўся»», – успамінае жанчына.
Чытайце таксама: Пары Гродна ўсё часцей выбіраюць вяселлі ў этнастылі. У ЗАГСах патлумачылі, чым абумоўлены інтарэс




