База адпачынку “Прывал” абвясціла аб правядзенні “першага гродзенскага брофар фэсту”. У праграме – піва, музыка і ежа. Арганізуе свята “Гродзенская капэла”.
Арганізатары прапануюць гасцям прыязджаць на фестываль кампаніяй, каб “адпачыць, пасмяяцца і стварыць свае гісторыі”.
Мерапрыемства пройдзе 17 кастрычніка. Актыўнасці на базе адпачынку “Прывал” пачнуцца ў 14:00 і працягнуцца да 22:00.
Ці будзе ўваход платным, арганізатары пакуль не патлумачылі.
У Гродне ўжо спрабавалі правесці піўны фестываль
“Бровар фэст” – не першы піўны фестываль у Гродне, як сцвярджаюць яго арганізатары. Пад такім брэндам зімой 2025 улады анансавалі правядзенне “Гродзенскай пінты”. Меркавалася, што мерапрыемства завершыць летні сезон-2026 і адбудзецца напярэдадні Дня горада. У выніку фестываль не правялі, чаму – невядома. Верагодна, яго адмена можа быць звязана з правядзеннем LIDBEER–2026, які прайшоў 29 жніўня ў Лідзе.
І хаця ўлады пазіцыянавалі “Гродзенскую пінту” як “першы фестываль піва”, у Гродне ўжо праходзілі падобныя мерапрыемствы. Гэта быў фестываль «BEERacнёўскі ФЭСТ» у 2014 годзе, праведзены ў рамках рэспубліканскай універсальнай выставы-кірмашу «Еўрарэгіён „Нёман-2014“».
Тады ў праграме ўдзельнічалі чатыры найбуйнейшыя піваварныя кампаніі краіны: “Аліварыя”, “Лідскае піва”, “Крыніца” і “Heineken”. За час працы фестывалю гараджане і госці горада выпілі каля 2 тысяч літраў піва.
У гарадскіх уладаў тады была ідэя зрабіць піўны фестываль штогадовым і перанесці яго на новую пляцоўку з парка Жылібера. Аднак ініцыятыва разьвіцця не атрымала.
Чытайце таксама: У Гродне стартаваў тэатральны фестываль “Лялькі над Нёманам”




