Гродзенец на аўто з прычэпам вывез смецце ў адзін з лясоў. Супрацоўнікі Гродзенскага лясгаса выявілі мужчыну дзякуючы ўстаноўленым фотапасткам – гараджаніна выклікалі ў ведамства.
«Напэўна, у яго ўсё ж адыграла пачуццё віны. У той жа дзень, а гэта было ўстаноўлена падчас апытання, ён вярнуўся, забраў смецце і адвёз на палігон бытавых адходаў», — распавёў у сюжэце “Беларусь 4” начальнік аддзела аховы лесу Гродзенскага лясгаса Андрэй Сямашка.
Тым не менш у дзеяннях гараджаніна ўгледзелі парушэнне артыкула 19.22 КаАП (“забруджванне лесу”). Гродзенцу вынеслі папярэджанне.
Сярод самых частых правапарушэнняў, якія выяўляюць дзякуючы фотапасткам: парушэнне пажарнай бяспекі, забруджванне лесу і незаконная высечка. За гэта прадугледжаны штрафы да 12 базавых велічыняў (540 руб.) фізічным асобам і да 50 базавых велічынь (2250 руб.) юрыдычным асобам.
У супрацоўнікаў Гродзенскага лясгаса ёсць восем фотапастак. Іх увесь час перамяшчаюць, каб людзі не ведалі, дзе менавіта вядзецца кантроль.
З пачатку года на тэрыторыі Гродзенскага лясгаса выявілі 145 парушэнняў, 77 з іх – з дапамогай фотапастак.
Чытайце таксама: У Румлёўскім лесапарку зноў знайшлі ведзьмінскую атрыбутыку



