У раённых цэнтрах Гродзенскай вобласці планутуюць паступова пераходзіць на электронную аплату праезду ў грамадскім транспарце. Замест звыклых шматразовых праязных пасажырам прапануюць выкарыстоўваць смарт-карту «Бусел». Пры гэтым папяровыя білеты на адну паездку пакуль застаюцца.
Шматразовыя праязныя перавядуць у электронны выгляд
З 1 верасня ў гарадах Гродзенскай вобласці пачнуць паэтапна выводзіць з абарачэння шматразовыя праязныя дакументы, паведамляе «Гродзенская праўда».
Іх функцыянал цалкам перанясуць у электронны фармат — на смарт-карту «Бусел». То-бок замест папяровага праязнога пасажыр зможа запісаць яго на транспартную карту.
Пры гэтым аплаціць паездку па-ранейшаму можна будзе і праз сэрвіс «Аплаці».
Адная карта для розных гарадоў
Сістэму электроннай аплаты праезду ў Гродзенскай вобласці пачалі ўкараняць паэтапна яшчэ ў 2024 годзе. Цягам 2025 года ў рэгіёне закуплялі і ўсталёўвалі абсталяванне для аўтаматызаванай сістэмы аплаты праезду ў аўтобусах ААТ «Гроднааблаўтатранс».
Зараз смарт-карта «Бусел» выкарыстоўваецца ўжо ў 10 гарадах вобласці, у тым ліку ў Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Смаргоні і іншых райцэнтрах.
Карта пры гэтым адзіная для ўсіх гарадоў, дзе працуе сістэма. То-бок калі вы купілі «Бусел», напрыклад, у Ашмянах, гэтай жа картай зможаце аплаціць праезд у Шчучыне ці Астраўцы.
Для паездак у грамадскім транспарце Гродна выкарыстоўваецца іншая транспартная карта. Гродзенцы, дарэчы, крытыкавалі новую сістэму аплаты за праезд у гарадскім грамадскім транспарце.
Звычайныя талоны ў райцэнтрах застануцца
Цалкам ад папяровых білетаў адмаўляцца пакуль не збіраюцца. Разавыя папяровыя білеты на адну паездку застануцца.
Таму пасажыру, які рэдка карыстаецца грамадскім транспартам, купляць смарт-карту необязацельна.
У «Гроднааблаўтатрансе» кажуць, што пераход на электронную аплату мусіць спрасціць выкарыстанне грамадскага транспарту.
— Мы хочам зрабіць працэс аплаты праезду ў грамадскім транспарце вобласці больш зручным і прасцейшым. Больш не трэба будзе насіць з сабой папяровыя бланкі і перажываць з-за іх магчымай страты. Калі спатрэбіцца аднавіць даныя карты, гэта можна зрабіць пры наяўнасці чэка на набыццё праязнога дакумента, — адзначыў Андрэй Траццякевіч.
Як карыстацца картай
У «Гроднааблаўтатрансе» адзначаюць, што смарт-карта становіцца ўсё больш папулярнай. Жыхары вобласці выкарыстоўваюць яе як для разавых паездак, так і для праязных на розныя тэрміны.
— Пасажыры актыўна афармляюць як разавыя паездкі, так і праязныя на розныя тэрміны. Перавага карты ў тым, што яна простая і зручная ў выкарыстанні. Каб аплаціць праезд, дастаткова прыкласці карту да валідатара. Перад паездкай кіроўца сам актывуе сістэму аплаты картай, — распавёў начальнік аддзела перавозак ААТ «Гроднааблаўтатранс» Андрэй Траццякевіч.
Зразумець, ці прайшла аплата, можна па колеры індыкатара:
- зялёны — аплата прайшла;
- жоўты — праезд ужо быў аплачаны;
- чырвоны — адбылася памылка. Напрыклад, скончыліся паездкі, мінуў тэрмін праязнога або карта пашкоджана.
Праверыць рэшту паездак ці тэрмін дзеяння праязнога таксама можна, паўторна прыклаўшы карту да валідатара.
Ёсць адзін нюанс: сістэма разлічана на аднаго пасажыра. Таму аплаціць праезд адразу за дваіх адной картай не атрымаецца.
Купіць і папоўніць «Бусел» можна на аўтавакзалах і ў кіёсках райцэнтраў, дзе працуе сістэма. Залогавы кошт карты складае 5 рублёў. Пры вяртанні спраўнай карты залог вяртаюць.



