Новая прастора знаходзіцца на кальцы Горкага-БЛК. У гастракомплексе з’явяцца кафэ з кухнямі розных нацыянальнасцей і тэрасы, а стылістыка ўстановы адсылае да радыё.

Спецыялісты сканчваюць касметычныя працы: фарбуюць сцены, укладваюць падлогу і мантуюць столі. На першым паверсе размесцяць два рэстараны, на другім – фуд-корт з шасцю кафэ.

Інтэр’ер гастракомлексу зрабілі ў радыё-стылістыцы – гэта адсылка да таго, што побач знаходзіцца гарадская тэлевышка.

Прастору побач з “Фудмол” таксама абсталявалі: зрабілі дзіцячую пляцоўку і прадугледзелі паркоўку для людзей з асаблівымі патрэбамі.

Будынак увядуць у эксплуатацыю ў жніўні 2026. Пасля – запусцяць арандатараў, піша «Гродно Плюс». 

Непадалёк ад “Фудмол” знаходзіцца будынак ГрДМУ і інтэрната, крыху далей – карпусы ГрДУ, ліцэй і каледжы. Таму ў выбары кухні плануюць арыентавацца на студэнтаў і моладзь.

Раней там хацелі пабудаваць шматпавярховік – але быў скандал

Пра тое, што на гэтым месцы з’явіцца будынак грамадскага харчавання, стала вядома летам 2022 года. Участак зноў выставілі на аўкцыён з пачатковай цаной 31,6 тыс. рублёў. Дадаткова новага ўладальніка абавязвалі выплаціць 18 тыс. рублёў гродзенскай ЖКГ. Паводле ўмоў продажу, на ўчастку трэба было абсталяваць дзіцячую пляцоўку і захаваць старыя дрэвы.

А раней, у кастрычніку 2021 года, жыхары дома побач з крамай «Фіялка» дамагліся адмены будаўніцтва вышынкі на гэтым участку. Будынак быў прадугледжаны генеральным планам горада. Зямлю ўжо паспелі прадаць.

Убачыўшы прапанаваны праект, жыхары дома № 78 успрынялі ідэю ў штыкі. На сустрэчы з чыноўнікамі ў жніўні 2019 года яны эмацыйна выказваліся, што іх дом разваліцца, як толькі пачнуць забіваць палі, двор ператворыцца ў суцэльную паркоўку, а дрэвы высекуць і пасадзяць замест іх дубчыкі. Пазней высветлілася, што ў гэтым доме з 1980 года жыве сям’я Каранікаў. Будоўлю адмянілі.

Тэрміны будаўніцтва зацягнуліся

Скончыць будаўніцтва гастракомплексу планавалі да вясны 2026, але тэрміны ссунуліся.

Галоўны архітэктар праекта арганізацыі «Элка» Аляксандр Рудамін казаў, што форма аб’екта і сама канцэпцыя абумоўлены транспартнымі і пешаходнымі сувязямі на гэтым месцы. Тут праходзіць шмат сетак — было складана праектаваць і будаваць.

Чытайце таксама: Былую бальніцу №2 у Гродне могуць рэканструяваць пад жытло