На сайце МУС Беларусі больш нельга праверыць, ці дзейнічае ў дачыненні да чалавека часовая забарона на выезд з краіны. На гэта звярнулі ўвагу чытачы Onlíner, паведамляе выданне.
У МУС патлумачылі, што гэта не тэхнічныя непаладкі. У сілу ўступілі новыя правілы работы базы даных невыязных грамадзян, якія сваім указам зацвердзіў Лукашэнка.
Указ вызначае парадак узаемадзеяння паміж сілавымі ведамствамі, а таксама ўсталёўвае новыя патрабаванні да абароны інфармацыі, якая захоўваецца ў базе.
Пасля ўступлення ўказа ў сілу анлайн-праверка на сайце МУС стала недаступнай.
Цяпер даведацца пра свой статус можна толькі асабіста: трэба прыйсці ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі (АГіМ) па месцы жыхарства. У МУС абяцаюць, што адказ дадуць на працягу аднаго працоўнага дня.
Сам спіс невыязных не змяніўся: у ім усё так сама захоўваюцца звесткі пра тых, каму часова забаронены выезд з Беларусі або каму яго ўжо знялі, а таксама пра дзяцей, чый выезд абмежаваны паводле рашэння суда.
Каму могуць часова забараніць выезд з Беларусі
У Беларусі часова абмежаваць права на выезд могуць у некалькіх выпадках. Забарона можа дзейнічаць, калі чалавек:
- з’яўляецца падазраваным або абвінавачаным па крымінальнай справе;
- асуджаны за злачынства і яшчэ не адбыў пакаранне;
- знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам;
- не выконвае рашэнні суда або мае запазычанасці, якія спаганяюцца ў выканаўчым вядзенні;
- з’яўляецца адказчыкам па грамадзянскай справе або па асобных катэгорыях судовых разглядаў;
- праходзіць працэдуру банкруцтва альбо звязаны з ёй як даўжнік ці службовая асоба арганізацыі-даўжніка;
- ухільваецца ад мерапрыемстваў па прызыве на ваенную службу або не выконвае абавязкі па ваенным уліку;
- стаіць на прафілактычным уліку ў органах дзяржбяспекі;
- калі яго выезд, паводле рашэння кампетэнтных органаў, супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі;
- у дачыненні да яго вядзецца адміністрацыйны працэс па асобных правапарушэннях — да выканання пастановы суда.
Такаж абмежаванні могуць уводзіцца для грамадзян, якія маюць доступ да дзяржаўнай таямніцы, — на тэрмін, устаноўлены адпаведным рашэннем.
У большасці выпадкаў забарона дзейнічае часова і здымаецца пасля таго, як знікаюць падставы для яе прымянення.
Падставы для часовага абмежавання права на выезд прадугледжаны артыкулам 7 закона «Пра парадак выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь».


