У Threads абмяркоўваюць асартымент на запраўках «Беларуснафты». Паводам стала перапіска адной з карыстальніц з афіцыйным акаўнтам кампаніі: дзяўчына спытала, чаму на АЗС можна купіць найбольш разнастайныя тавары, але пры гэтым не заўсёды магчыма знайсці жаночыя сродкі гігіены.

Скрыншот перапіскі апублікавала іншая карыстальніца Threads. Пад яе постам і разгарэлася дыскусія пра тое, ці павінны пракладкі і тампоны прадавацца на АЗС.

«Пракладкі займаюць так шмат месца?»

У перапісцы першая дзяўчына пацікавілася, чаму на запраўках няма сродкаў гігіены. Яна адзначыла, што на АЗС прыпыняюцца вандроўнікі і кіроўцы, а сярод кліентаў і супрацоўнікаў сеткі шмат жанчын. На яе думку, сродкі гігіены могуць спатрэбіцца нечакана, асабліва ў дарозе. Пры тым, што ў продажы ёсць такія «неабавязковыя» для запраўкі тавары, як піва, семкі і цацкі.

У «Беларуснафце» адказалі, што гэта катэгорыя — пракладкі — «не з’яўляецца абавязковай да рэалізацыі» і прадаецца ў залежнасці ад наяўнасці месца і попыту.

Маўляў, асартымент фарміруецца на аснове вопыту продажаў і не выбіраецца рандомна. Пры гэтым прадстаўнік кампаніі адзначыў, што тон перапіскі, на яго думку, паказвае жаданне карыстальніцы зрабіць скандал, а не весці цывілізаваную гутарку.

«Таму працягваць размову не бачым сэнсу. Усяго добрага!» — адказалі ў кампаніі.

«З днём ганьбы “Беларуснафты” ў Трэдсе»

Іншая карыстальніца, якая і апублікавала скрыншоты перапіскі, дадала сваё бачанне праблемы. Яна назвала сітуацыю паводам для абмеркавання і заявіла, што кампанія магла б проста прыслухацца да запыту кліентаў.

«У 2026 годзе сцвярджаць, што пракладкі на АЗС — гэта не абавязкова, калі ў той жа самы час алка + дзесятак бескарысных тавараў абавязкова ляжыць і займае месца — гэта крынж», — напісала дзяўчына.

На яе думку, гаворка ідзе не пра жаданне ўладкаваць скандал, а пра сур’ёзную бытавую праблему:

«Жанчына агучыла праблему, гэта не яе прымха і не скандал, гэта сапраўды важная частка нашага штодзённага жыцця. Ваша задача простая — прыслухацца і данесці да кіраўніцтва».

Карыстальніца таксама задалася пытаннем, чаму афіцыйны акаўнт кампаніі адказвае так, нібы жаночых сродкаў гігіены не існуе. Каментатаркі таксама згадалі пра Год беларускай жанчыны, які не дадаў ім камфорту.

«Пачка пракладак займае занадта шмат месца?». Беларускі абурыліся асартыментам на АЗС і адказам кампаніі
Адна з заправак. Фота: sb.by

«Пару пачак з пракладкамі і тампонамі»

У каментарах да поста карыстальнікі пачалі дзяліцца ўласным вопытам. Адная з удзельніц абмеркавання распавяла, што сама апынулася ў падобнай сітуацыі падчас паездкі.

«Была за горадам, у вёсцы ў Уздзенскім раёне, тэрмінова спатрэбіліся сродкі гігіены, у Уздзе крамы былі зачыненыя, а на запраўцы іх не аказалася! Як гэта магчыма? Значкі і разнастайная сімволіка — так, велізарны выбар дзіцячых цацак — так, выбар алкаголю — так, а базавых сродкаў гігіены наогул няма!» — напісала яна.

Іншая карыстальніца напісала, звяртаючыся да кампаніі, што ў красавіку позна ўначы вярталася дадому з-за мяжы праз Брэст: «…я выйшла з вашай кропкі з пустымі рукамі, і мяне выратавалі жанчыны ў аўтобусе. Кавы, хот-догаў хапіла на ўсіх ахвотных у групе, а базавых сродкаў гігіены ў вас не знайшлося».

Яшчэ адная карыстальніца прапанавала не вылучаць жаночыя сродкі гігіены ў асобную катэгорыю, а зрабіць на АЗС невялікую паліцу з таварамі першай неабходнасці:

«Можна ж зрабіць агулам медычна-гігіенічную палічку, каб там былі і жаночыя пракладкі/тампоны, і бінт-пластыр, і антысэптык, і вільготныя сурвэткі, і ўсялякае такое рознае, што нібыта і мусіла б быць з сабой (у аптэчцы, прыкладам), але ж яно мае звычку сканчацца ў самы востры момант».

«Пачка пракладак займае занадта шмат месца?». Беларускі абурыліся асартыментам на АЗС і адказам кампаніі
Асартымент на адной з заправак. Фота: av.by, носіць ілюстрацыйны характар

Знайшліся і тыя, хто лічыць, што праблема ўзнікла праз адсутнасць попыту. «Мяркую, што яны маглі раней быць у продажы, не карысталіся попытам і іх прыбралі», — выказала здагадку адная з удзельніц абмеркавання.

Ёй пярэчылі: «Вопыт продажаў… абыржацца. Можа, пракладкі для пачатку трэба пачаць прадаваць, каб ён з’явіўся?»

Пры гэтым частка карыстальнікаў нагадала, што сродкі гігіены могуць не ўваходзіць у пералік тавараў, абавязковых для продажу на АЗС, і менавіта гэта мела на ўвазе «Беларуснафта» ў сваім адказе.

«Х*йню не нясіце»

Ёсць і іншае меркаванне — што жанчыны мусяць заўсёды насіць пракладкі з сабой, ведаючы свай менструальны цыкл. У абмеркаванне ўклініліся мужчыны, якія параўналі менструацыю з гемароем. Гэтым людзям хутка патлумачылі, чаму яны памыляюцца:

«Не, месячныя могуць пайсці ў рандомны момант па-за цыклам, месячныя могуць быць вельмі багатымі нагэтулькі, што пачка скончыцца занадта хутка і ты не можаш гэта прагназаваць. Нават калі 1000 менструацый былі роўна па календары і на тры тампоны, то 1001-я можа вас здзівіць. І так, навошта тады па вашай логіцы ўвогуле на запраўках нешта прадаюць, бо можна ж ведаць, што спатрэбіцца ў дарозе, і проста палажыць з сабой. Так што х*йню не нясіце сваю мізагінную,дзякуй».

Жаночыя фізіялагічныя працэсы застаюцца табуяванай тэмай. Пры гэтым Шатландыя першай у свеце ў 2020 годзе ўжо зрабіла бясплатнымі сродкі гігіены для жанчын. У 2023 годзе так супольна зрабілі Нідэрланды. Феміністкі кажуць пра тое, што пракладкі і тампоны мусяць быць у нумарах гатэляў — нараўне з мылам і вушнымі палачкамі.

«У свеце, дзе даступныя сродкі жаночай гігіены ў жаночых туалетах павольна, але становяцца нормай, такі адказ рэспубліканскага брэнда пра просьбу хоць бы пачаць прадаваць іх выклікае змяшаныя пачуцці», — падсумоўвае карыстальніца Threads.