Памёр адзін з найстарэйшых клірыкаў Гродзенскай епархіі, настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў аграгарадку Дубна Мастоўскага раёна протаіерэй Мікалай Гляд. Пра яго смерць паведамілі ў Гродзенскай епархіі. Яму было 70 гадоў.

Святар памёр 12 ліпеня пасля раптоўнай хваробы. У епархіі адзначылі, што протаіерэй Мікалай больш за 37 гадоў прысвяціў служэнню праваслаўнай царкве.

Больш за 37 гадоў служыў у Гродзенскай епархіі

Мікалай Гляд нарадзіўся 22 кастрычніка 1955 года ў вёсцы Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння школы атрымаў спецыяльнасць электраснітара, прайшоў тэрміновую вайсковую службу, а затым паступіў у Мінскую духоўную семінарыю.

У сан дыякана яго рукапалажылі ў кастрычніку 1988 года, праз тыдзень — у сан святара. Служэнне ён пачаў у Ваўкавыскім раёне, дзе быў настаяцелем храма Аляксандра Неўскага ў вёсцы Кузьмічы і адначасова кіраваў прыходам у Самуйлавічах Мастоўскага раёна.

У 1987 годзе ўзяў шлюб з Марыяй Разановіч. Муж і жонка выгадавалі чатырох сыноў — Андрэя, Юрыя, Мікалая і Васіля.

З 2000 года Мікалай Гляд служыў у храме Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў аграгарадку Дубна, а са студзеня 2003 года быў яго пастаянным настаяцелем. Усяго царкоўнаму служэнню ён прысвяціў больш за 37 гадоў.

У 2002 годзе ён быў узведзены ў сан протаіерэя.