Для гродзенскага аэрадрома закупляюць праграмна-апаратны комплекс сістэмы пасадкі паветраных судоў з дальномерным радыёмаяка.

На яго выдаткуюць 4 743 420 рублёў. Комплекс павінны паставіць да кастрычніка.

Ён павінен забяспечваць прадастаўленне інфармацыі на борце самалёта пра яго месцазнаходжанне адносна ўзлётна-пасадачнай паласы падчас заходу на пасадку і пасадкі.

Верагодна, гэты той сучасны радыёмаяк, пра які раней казалі ўлады. Ён павінен павысіць бяспеку палётаў і пашырыць магчымасці аэрапорта. Улады чакаюць, што дзякуючы новаму абсталяванню атрымаецца адкрыць новыя авіярэйсы і прыцягнуць у Гродзенскую вобласць больш турыстаў. Паводле папярэдніх планаў, новая сістэма павінна запрацаваць да сярэдзіны 2027 года.

Аб мадэрнізацыі аэрапорта Гродна стала вядома яшчэ восенню 2025 года. Тады дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Ігар Голуб паведамляў, што аэрапорце неабходны рамонт узлётна-пасадачнай паласы і абнаўленне аэратэхнічнага абсталявання. На гэтыя работы ўжо прадугледжана фінансаванне. Таксама заяўлялася, што ў 2026 годзе аэрапорт можа пачаць працаваць па чартарных або рэгулярных праграмах.