Пасля двухдзённых спаборніцтваў па дрыфтынгу у цэнтры Гродна ў гараджан засталіся змешаныя пачуцці. Адны падтрымліваюць фармат і лічаць, што падобныя мерапрыемствы ажыўляюць гарадскую прастору, іншыя, наадварот – незадаволеныя. Hrodna.life сабраў думкі абодвух бакоў.
Спаборніцтвы па дрыфтынгу праходзілі 27 і 28 чэрвеня каля гродзенскага Драмтэатра. Каб шоу адбылося, прыйшлося перакрыць некаторыя вуліцы ў цэнтры Гродна, а таксама скарэктаваць транспартныя маршруты.


Гродзенцы за: «Здаецца, я закахалася»
Ужо пасля гран-пры па дрыфтынгу ў сацсетках сталі з’яўляцца захопленыя пасты ад гараджан. Мерапрыемства хвалілі за відовішчнасць і радаваліся, што змаглі ўбачыць шоу жыўцом, не выязджаючы за межы Гродна.
Адна з гараджанак апублікавала відэа з заезду і падпісала яго “Здаецца, я закахалася”.
«Калі шчыра – проста бомба… Захацелася ўглыбіцца, зразумець што да чаго, тэрміны і гд. Арганізацыя, лакацыя – вышэйшы пілатаж», – падзяліўся адзін з гараджан.
«Быў учора і сёння. Гэта было вельмі крута», – піша іншы карыстальнік.
«Гэта прыцягненне турыстаў, людзей. Забаўка. І гэта крута, маё меркаванне», — лічыць яшчэ адна гродзенка.
Удзельнікі абмеркавання дадаюць, што атрымалі порцыю адрэналіну. А часовыя нязручнасці кшталту перакрыцця вуліц праблемай не лічаць, бо аб зменах у раскладзе транспарту папярэджвалі загадзя.
«Жадаю вам больш не спазняцца і планаваць свой час з улікам падзей праводзімых у горадзе. А дрыфт у Гродне гэта выдатна. Вельмі падабаецца дзецям. Выдатная разнастайнасць, а не тупое хаджэнне па плошчах з паглынаннем шашлыка», — рэагуе на крытыку дрыфту ў горадзе адна з удзельніц абмеркавання.


Гродзенцы супраць: “Гістарычны цэнтр не месца для дрыфту”
Асноўныя негатыўныя каментары наконт шоу датычыліся змянення раскладу транспарту — гараджане не паспявалі даехаць у патрэбныя ім пункты, у тым ліку дадому ў цэнтр. Таксама не спадабаўся шум ад рову матораў – няпроста прыйшлося ў тым ліку і жыхарам бліжэйшых дамоў у цэнтры. Некаторыя перажывалі за захаванасць асфальта ў драмтэатра і на Новым мосце.
“У Гродна ёсць цікавая асаблівасць у сетцы дарог: калі перакрыць хаця б адну вуліцу – увесь цэнтр заблакаваны для праезду. А ў цэнтры не толькі мерапрыемствы: там яшчэ жылыя дамы (людзі не могуць даехаць да свайго дома), месцы працы (трэба пешшу чухаць па 20-30 хвілін ад бліжэйшых дазвол. прыпынкаў, а ў> 30 градусаў гэта не самае прыемнае задавальненне). Таксама не забываем што шмат транспарта едзе праз цэнтр, адпаведна расклад і маршруты змяняюцца, а некаторыя рэйсы здымаюцца. Цэны на таксі х3 ☠️”, – піша гродзенец.
Яшчэ адна гараджанка спазнілася на запіс да майстра па вейках, праўда, тая самая не паспела да прызначанага часу – усё з-за перакрытых дарог.
«Жахліва раз’юшвае! Такім мерапрыемствам не месца ў цэнтры, раён аэрапорта можна выкарыстоўваць пад гэта», – лічыць гродзенка.
“Гістарычны цэнтр не месца для дрыфту, нязручнасці з перакрыццем дарог – дробязі”, – выказваецца яшчэ адна карыстальніца.
“Добра, што я не ў Гродне, у тым годзе лавіла панічкі ад гэтых гучных гукаў”, – дзеліцца яшчэ адна гараджанка.
“Мясцовыя жыхары зваляць са сваіх кватэр, бо гэта слухаць двое сутак проста невыносна!!! Праверана ў 2025-ым”, – прадказвала напярэдадні заезду гродзенка.
Адзін з карыстальнікаў звярнуў увагу і на менш відавочны бок праблемы – агрэсіўную рэкламу анлайн-казіно, лагатыпы якога прысутнічалі на гран-пры ў Гродне.
“Гэта не дрыфт, гэта агрэсіўная рэклама азартных гульняў, якая забаронена ў свеце ў большасці краін… Падумайце пра гэта… Гэта падобна распаўсюджванню забароненых рэчываў… Гульманія – наймацнейшая, невылечная залежнасць, якая ламае жыцці… Я б ніколі не прыйшоў на такое «свята»…”, – напісаў карыстальнік.
Чытайце таксама: У Гродне трацяць вялікія грошы на кветкі – адмаўляцца не плануюць



