Іван Аненкаў з Ваўкавыска трапіў у расійскую калонію, а каб выйсці датэрмінова і пазбегнуць дэпартацыі ў Беларусь, падпісаў кантракт з Мінабароны Расіі. Беларус паспеў паваяваць 3,5 месяцы і апынуўся ў палоне. Гісторыю Аненкава распавядае BELPOL.

Ад’езд з Беларусі, бойка і калонія ў Расіі

Аненкаў з’ехаў з Беларусі ў 2012 годзе. Жыў у Балашыхе пад Масквой – там жа ажаніўся і працаваў электрыкам. Аднойчы Аненкаў стаў удзельнікам вулічнай бойкі – нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні і за гэта атрымаў да пяці гадоў калоніі. Ужо ў турме беларусу прапанавалі падпісаць кантракт – абяцалі, што непасрэдна ў зону баявых дзеянняў не адправяць.

«Прыязджалі прадстаўнікі розных ваенкаматаў – з Маскоўскай вобласці, з Яраслаўля. Іх было вельмі шмат. <…> Абяцалі зняцце судзімасці і расійскае грамадзянства», — узгадвае Аненкаў.

Кантракт за $10 тыс. і абяцанні, што “зброі ў рукі не дадуць”

Беларус падпісаў кантракт 7 жніўня і акрамя выхаду з калоніі атрымаў амаль $10 тыс.

Каля 20 дзён беларус праходзіў ваенную падрыхтоўку ў спецыяльным падраздзяленні, дзе знаходзіліся асуджаныя. Па словах Аненкава, у групе было шмат мігрантаў з Узбекістана і Таджыкістана, таксама было пяць-шэсць беларусаў.

Аненкаў успамінае, што асуджаным казалі, нібыта яны “не будуць на першых лініях, будуць дзе-небудзь у абслугоўванні, зброі ў рукі [ім] не дадуць”.

Адпраўка на першую лінію фронту і раненне

У выніку Аненкава адправілі на першую лінію Ліманскага кірунку пад Краматорскам. З ім былі яшчэ два беларусы — адзін памёр, другі прапаў без вестак. Ён сцвярджае, што нікога не забіў, а на баявыя заданні вылучаўся тры разы. Трэба было замацоўвацца на пазіцыі, сядзець там і па рацыі паведамляць аб абстаноўцы навокал.

Умовы Аненкаў характарызуе як цяжкія, таму што ваяваць даводзілася “супраць дронаў – не бачыш суперніка, цябе проста знішчаюць”. Мужчыну адзін раз паранілі і ён трапіў у шпіталь – тады і зразумеў, што “адбываецца жах”.

Палон: пашанцавала, таму што “шанцаў выжыць вельмі мала”

Ужо 26 лістапада Аненкаў патрапіў у палон. Год, калі гэта адбылося, ён не ўдакладняе, як і замоўчвае аб умовах, у якіх утрымліваецца. Адзінае, што адзначае Аненкаў, дык гэта сваё шанцаванне, таму што «шанцаў выжыць вельмі мала».

Паводле слоў беларуса, яго знаёмыя “хадзілі ў ваенкамат, РУУС”, каб даведацца, ці пагражае яму крымінальная адказнасць на радзіме. У выніку атрымаў адказ, што “калі б ваяваў за ўкраінцаў, яго б асудзілі, а калі за Расію – нічога не будзе”.

Аненкаў знаходзіцца ў палоне да гэтага часу – заклікае суайчыннікаў не верыць абяцаннем тых, хто прапануе падпісаць кантракт з расійскім Мінабароны. «Падумайце тысячу разоў, перш чым падпісаць кантракт. Паглядзіце, што тут робіцца. Гэта не гульні, тут вайна і тут забіваюць. І мала шанцаў выжыць», – кажа ён.

Чытайце таксама: Жыхар Ваўкавыска пайшоў ваяваць на баку Расіі, трапіў у палон і просіць Лукашэнку аб вызваленні