У гарадской групе Slonim Live паднялі пытанне пра лёс нядаўна высаджаных дрэў на праспекце Незалежнасці. Адзін з падпісчыкаў звярнуў увагу на дзесяткі засохлых саджанцаў і пацікавіўся, ці плануюць профільныя службы правесці праверку прычын іх гібелі. У мясцовай ЖКГ адказалі, што дрэвы, якія не прыжыліся, заменяць, але пазней.
«Не каб пакараць кагосьці, а каб у будучыні такое не паўтаралася. Ці вы лічыце нармальным, калі прыжываецца 10% высаджаных саджанцаў дрэў?» — напісаў аўтар звароту.
На пытанне адказалі ў Слонімскім ДУП ЖКГ. Там патлумачылі, што ацэнка прыжывальнасці саджанцаў, высаджаных вясной, праводзіцца ў жніўні ў адпаведнасці з будаўнічымі правіламі 3.02.10-2025 «Благоустройство территорий. Правила устройства».
У камунальнай службе таксама паведамілі, што ўсе саджанцы, якія не прыжыліся, заменіць арганізацыя, якая выконвала пасадку. Пасля гэтага спецыялісты зноў ацэняць іх прыжывальнасць.
Жыхары горада ў каментарыях нагадалі службам, што дрэвы пасля пасадкі трэба паліваць.

«Паліваць спрабавалі?»
«Адпіска… Даглядаць, паліваць пасля пасадкі спрабавалі… Закапаць грошы не складана і даць справаздачу аб азеляненні…».
«Вось казаў пра гэта ўжо прэзідэнт — пасадзілі і ЗАБЫЛІСЯ!!! А паліць не лёс?!.. Саджанцы паліваць ТРЭБА!!!! Я так думаю, што дома ў сябе ўсё паліваеце, клапоціцеся… », — пісалі людзі.
Раней — у 2024 годзе — Слонімская гарадская і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя арганізоўвала пасадку дрэў на праспекце Незалежнасці. У акцыі ўдзельнічалі педагогі і выхаванцы спецыяльнага дзіцячага сада, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, а таксама навучэнцы сярэдняй школы №8. Тады на ўчастку высадзілі 30 саджанцаў рабіны.



