У Гродне плануецца працягнуць вуліцу Дамброўскага ад вуліцы Багуцкага да вуліцы Мясніцкай. Для будаўніцтва новага ўчастка дарогі спатрэбіцца знесці частку жылой забудовы на вуліцы Грандзіцкай. Праект вынеслі на грамадскае абмеркаванне ў межах ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА).

Што прадугледжвае праект

Згодна з дакументацыяй, апублікаванай на сайце Гродзенскага гарывыканкама, на новым участку з’явіцца двухпалосная дарога, кальцавая развязка, пешаходныя і веласіпедныя дарожкі. Таксама запланавана дабраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Агульная плошча зоны будаўніцтва складзе каля 19,5 гектара.

Заказчыкам праекта выступае Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама.

Выбралі “двухпалоску”

Спецыялісты разглядалі тры варыянты рэалізацыі праекта. Прыярытэтным прызналі будаўніцтва двухпалоснай дарогі — па адной паласе руху ў кожным кірунку. На думку распрацоўшчыкаў, такі варыянт адпавядае дзейнаму Генеральнаму плану Гродна, дазваляе мінімізаваць уздзеянне на навакольнае асяроддзе, скараціць аб’ём выкідаў забруджвальных рэчываў і паменшыць маштабы будаўнічых работ.

Акрамя таго, такого варыянт павінен гарманічна ўпісацца ў існуючую транспартную інфраструктуру горада. У якасці альтэрнатывы разглядалася будаўніцтва чатырохпалоснай дарогі — па дзве паласе руху ў кожным кірунку.

Трэцім варыянтам была так званая «нулявая альтэрнатыва», гэта значыць поўная адмова ад рэалізацыі праекта.

Вуліцу Дамброўскага ў Гродне працягнуць да Мясніцкай: дзеля новай дарогі знясуць дамы на Грандзіцкай
Прыкладна так будзе выглядаць новая дарога. Фота: дакументацыя АУНА

Дамы на Грандзіцкай патрапяць пад знос

Для будаўніцтва новага ўчастка вуліцы прадугледжаны знос малапавярховай жылой забудовы на вуліцы Грандзіцкай. Колькі дамоў будуць зносіць – у дакументах не ўдакладняецца.

Экалагічныя рызыкі

Частка будучай дарогі пройдзе праз водаахоўную зону Нёмана, а таксама праз тэрыторыю санітарнай аховы крыніц пітнога водазабеспячэння. Распрацоўшчыкі адзначаюць, што падчас будаўніцтва ўздзеянне на навакольнае асяроддзе будзе звязана з працай тэхнікі, выкідамі забруджвальных рэчываў у атмасферу, утварэннем будаўнічых адходаў, а таксама ўплывам на зямельныя і водныя рэсурсы, раслінны і жывёльны свет.

Пасля ўводу дарогі ў эксплуатацыю галоўнымі фактарамі ўздзеяння застануцца транспартны шум і выкіды аўтамабіляў. Пры гэтым праекціроўшчыкі лічаць, што пры захаванні прыродаахоўных мерапрыемстваў уплыў на астатнія кампаненты навакольнага асяроддзя будзе малазначным.

Праект можна абмеркаваць

Паведамленне пра папярэдняе інфармаванне па праекце з’явілася на сайце Гродзенскага гарывыканкама толькі 17 чэрвеня, хоць сама працэдура грамадскіх абмеркаванняў афіцыйна стартавала яшчэ 5 чэрвеня.

Да 31 ліпеня 2026 года гродзенцы могуць азнаёміцца з дакументацыяй і накіраваць свае заўвагі і прапановы. Праўда, пакуль не ўдакладняецца, куды іх можна дасылаць. Апублікавана толькі папярэдняе інфармаванне аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Тасама магчыма правядзенне сходу па абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Пасля завяршэння абмеркаванняў матэрыялы накіруюць на дзяржаўную экалагічную экспертызу. Яна павінна прайсці ў ліпені–жніўні 2026 года, пасля чаго будзе прынята канчатковае рашэнне аб рэалізацыі праекта.