Прадпрыемства па вытворчасці матрацаў выстаўляюць на аўкцыён. Раней фабрыка сутыкнулася з фінансавымі праблемамі і, па рашэнні ўласніка – бізнесмена Андрэя Барбашынскага, знаходзілася ў працэсе ліквідацыі з кастрычніка 2023 года.

Фабрыку паспрабуюць прадаць за суму, якая перавышае 7,8 млн руб., піша Office.life. Кошт прадпрыемства вырас — яшчэ ў 2024 яго хацелі прадаць з аўкцыёну са стартавай сумай 6,4 млн. Цяпер фабрыку выставіў на продаж банк, у якога гэты актыў быў у закладзе. Таргі адбудуцца 19 чэрвеня.

Якія праблемы былі ў «Белабеддинг» і пры чым тут дырэктар Андрэй Барбашынскі

Былы дырэктар фабрыкі Андрэй Барбашынскі – бізнэсмэн родам з Ашмянаў, у мінулым паспяховы гандбаліст. Гуляў у мінскім СКА, у клубах з Іспаніі, Венгрыі і Германіі. У 1992 годзе стаў алімпійскім чэмпіёнам у складзе зборнай СНД. Ганаровы грамадзянін Ашмян, спартыўная школа там носіць яго імя.

У 2006 годзе, ужо скончыўшы спартыўную кар’еру, адкрыў у Новай Гожы пад Гроднам на тэрыторыі СЭЗ “Гроднаінвест” сумесную беларуска-нямецкую фабрыку матрацаў і падушак “Белабеддинг”, якой нязменна кіраваў да 2023 года. Яго партнёрам была нямецкая кампанія Fey&Co, якая амаль 100 гадоў займаецца вытворчасцю матрацаў.

У 2020 годзе Андрэй Барбашынскі быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі, а пазней выступаў у дзяржаўных газетах і прапагандысцкіх тэлепраграмах. Адкрыта падтрымаў расійскае ўварванне ва Украіну, з-за чаго ў траўні 2022 года нямецкі інвестар сышоў. Калі сувязі з Германіяй абарваліся, у кампаніі пачаліся праблемы.

У выніку ў верасні 2023 года на «Белабеддинг» памяняўся дырэктар. А з кастрычніка 2023 года прадпрыемства ўвогуле знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі па рашэнні ўласніка.

Чытайце таксама: Дырэктар фірмы “Белабеддинг” заявіў, што іх “кінулі еўрапейцы”. Былыя супрацоўнікі яшчэ судзяцца з ёй