Гродзенка знайшла значок расійскай валюты на касе самаабслугоўвання ў магазіне касметыкі і бытавой хіміі «Подружка» ГЗК Triniti. Калі гродзенка падышла да кансультанта, тая патлумачыла наяўнасць значка тым, што «сетка-та руская». Кошты пры гэтым былі беларускія. Пра здарэнне гараджанка распавяла ў Threads.

Дадаючы свой пост гродзенка адзначыла, што ў краме “Подружка” адбываецца “поўная каша”. На касе цану ў беларускіх рублях указваюць з расійскім знакам валюты. «На таварах цэннік уперамешку, дзе BYN кошт, дзе нават рэальна ў драўляных ублях (фармулёўка аўтара – Hrodna.life)». 

Гродзенка дадала, што супрацоўнікі крамы “парушаюць кучу законаў адначасова і нават не разумеюць, у чым праблема”. “Трындзец», — рэзюмавала гараджанка. 

У краме Гродна цэны ўказалі з расійскім валютным знакам — гараджане абурыліся
Каса самаабслугоўвання ў краме “Подружка”. Фота: Threads

У каментарах іранізуюць. “Падрыхтоўваюць”, піша адзін з карыстальнікаў, маючы на ​​ўвазе, верагодна, расійскую экспансію.

«Так трэба было і насыпаць ім 13 рублёў расейскіх. Няхай судзяцца потым», — піша іншы ўдзельнік абмеркавання.

«Калі сетка руская, то і плаціць ім можна расійскімі рублямі па той суме, што пазначана. Без праблем», — выказваецца трэці. 

Некаторыя карыстальнікі ўсталі на бок крамы. Папрасілі аўтарку паста «не дурыць галаву» супрацоўнікам, а таксама выказалі здагадку, што блытаніна ўзнікла з-за змены афіцыйнага графічнага знака беларускага рубля, якая адбылася ўзімку 2026 года.

«Вы калі бралі з паліцы глядзелі ж на цану? Не зразумела, вас менавіта знакаў валюты плацяжу раз’юшыў? Ці сетка расійская ў трыніці? Пра правайдэра электронных кас можаце заявіць, што не правільна ставіць знакі», — выказалася адна з каментатарак. 

Іншыя карыстальнікі параілі гродзенке скласці скаргу і падаць яе ў МАРТ.

Чытайце таксама: “50 ячэек на такі вялікі горад”. Турыстка паскардзілася на недахоп камер захоўвання ў Гродне