Флагманская кавярня сеткі «Кофе Саунд» адкрылася ў ГЗК Triniti на праспекце Янкі Купалы, 87. Наведвальнікаў прывабліваюць незвычайнай падачай страў і напояў — іх “упакоўваюць” у банкі і называюць “банкейкі”.

“Банкейкі” – гэта фармат падачы дэсертаў у банках. Такія стравы можна браць з сабой і з’ядаць не за столікам, а, напрыклад, на пікніку.

«Для Гродна такі фармат выглядае даволі незвычайна. Але кошты, вядома, вышэйшыя за сярэднія. За дэсерт і напой – 26 руб.», — распавяла ў Threads адна з гараджанак.

У меню ёсць дэсерты ў слоічках: чызкейк з матчай за 13 руб., мядовы кейк за 13 руб., цірамісу за 14 руб. Падаюць і стылізаваныя напоі: розныя варыяцыі матчы і фруктовыя гарбаты з дадаткамі (14-15 руб.).

У новай кропцы ў ГЗК Triniti ёсць асобныя зоны на некалькіх узроўнях, а таксама вялікія сталы, якія змяшчаюць да 12 чалавек.

«Кофе Саунд» — сетка кавярняў, кропкі якіх працуюць у розных гарадах Беларусі, у тым ліку і ў Гродне. Установа вылучаецца тым, што падае “напоі з прадказаннямі” – барыста клеяць стыкеры з рознымі надпісамі.

Чытайце таксама: У Гродне з’явіліся трэндавыя вечкі са звяратамі. У якіх кавярнях іх шукаць?