Жыхары вёсак Гродзенскага раёна скардзяцца на зграі бяздомных сабак – тыя палохаюць мясцовых і нападаюць на жывёлу. Напрыклад, у Мастаўлянах у аднаго з жыхароў пагалоўе авечак скарацілася з 18 да двух галоў. Мясцовыя ўлады і ЖКГ вырашыць праблему пакуль не могуць, паведамляе ТРК «Гродна». 

Складаней за ўсё з бяздомнымі сабакамі ў вёсках Жылічы, Мастаўляны і Галавачы.

«Гэта я, мужык, 40 гадоў. А калі б дзіця ехала?» — каменціруе брэшучую зграю сабак жыхар Гродзенскага раёна.

У роліку мужчына адзначыў ТРК “Гродна” – праз тыдзень журналісты адрэагавалі на праблему.

Па словах іншага мясцовага жыхара, жывёлы збіваюцца ў зграю, брэшуць і бегаюць вакол вёскі – з-за сабак дарослым страшна хадзіць на аўтобусныя прыпынкі і пакідаць дзяцей без нагляду, калі тыя выходзяць на шпацыр.

Баяцца сабак не толькі людзі. У Мастаўлянах зграя нападае на авечак і коз. За некалькі гадоў пагалоўе жывёлы мясцовага жыхара Аляксандра Зялінскага скарацілася з 18 асобін да двух. У адной з авечак, якой удалося выжыць пасля нападу зграі, да гэтага часу гояцца раны.

Сабак не злавіць – разбягаюцца: як на праблему рэагуюць мясцовыя ўлады?

Чыноўнікі і міліцыя ведаюць аб праблеме. У МУС мясцовым жыхарам раяць звяртацца да старшыні сельсавета ці ў арганізацыю, якая займаецца адловам бяздомных сабак.

Мясцовыя жыхары так і паступаюць – гэта пацвярджаюць і супрацоўнікі скідзельскай ЖКГ. “На жаль, адлоў не атрымаўся, таму што сабакі пастаянна на адным месцы не знаходзяцца”, – каментуюць у ЖКГ няўдалую спробу адлову.

Акрамя таго, ужо больш за паўгода ў Скідзельскай ЖКГ няма спецыяліста – папярэдні 79-гадовы супрацоўнік звольніўся, бо «па стане здароўя выконваць абавязкі не мог».

Журналісты ТРК “Гродна” адзначаюць, што сабакі – не вінаватыя. Адказнасць ляжыць на гаспадарах, якія пакінулі жывёлін на вуліцы. Але прыцягнуць іх да адказнасці не атрымаецца. Пакуль адзін з нямногіх варыянтаў, які дазволіць ідэнтыфікаваць жывёлу і вярнуць яе гаспадару — чыпіраванне.

Чытайце таксама: Калі трэба ратаваць дзіцянят дзікіх жывёл, а калі – прайсці міма? У заапарку растлумачылі

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы