Археолагі закансервуюць знойдзеныя на былой рыначнай плошчы Ліды рэшткі падмурка і сцен будынка канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя. Знаходка праляжала пад адкрытым небам тры гады, перш чым спецыялісты вырашылі яе закансерваваць.
«Нагадаем, што амаль тры гады таму раскопкі тут падаваліся як сапраўдная падзея: упершыню археолагі працавалі ў цэнтры горада, а не ў замку. Былі адкрыты масіўныя бутавыя і цагляныя фундаменты дома канца XIX — пачатку XX стагоддзя, фрагменты печы і лесвіца ў склеп. Улады горада тады гучна абяцалі ператварыць знаходку ў новы турыстычны аб’ект: накрыць шкляным купалам і ўключыць у гарадскія маршруты», — звяртае ўвагу Telegram-канал «Спадчына».
Аўтары канала таксама адзначаюць, што ўвесь гэты час камяні знаходзіліся пад адкрытым небам, снегам, дажджом і маразамі.
Праз тры гады спецыялісты ўсё ж вырашылі закансерваваць знаходку. Рашэнне абгрунтавалі тым, што хочуць абараніць “канструкцыю ад дэградацыі” – гэта значыць рэзкага перападу тэмператур і прамярзання грунта.
«Засыпанне грунтам стварае найболей спрыяльныя ўмовы для яго захавання», — тлумачыць намеснік дырэктара па навукова-даследчай дзейнасці Лідскага гісторыка-мастацкага музея Надзея Кавальчук.
«Выходзіць парадаксальная сітуацыя: спачатку ўлады раскапалі помнік, пакінулі яго разбурацца ад элементарнай бяздзейнасці і адсутнасці абяцанага купала, а потым гераічна вырашылі закапаць назад, называючы гэта «найлепшым спосабам захавання»», — рэзюміруюць аўтары «Спадчыны».
На месцы рэшткаў падмурка ўсталююць памятную таблічку.
Раскопкі на тэрыторыі былой рыначнай плошчы ў Лідзе пачаліся ў 2023 годзе. За час работ археолагі знайшлі рэшткі падмурка і сцен будынка канца XIX – пачатку XX стагоддзя з гранітных валуноў і цэглы з чырвонай гліны, а таксама фрагмент печы і лесвіцу ў падвал. Таксама знайшлі кераміку, манеты, прадметы побыту ды іншыя артэфакты.
Чытайце таксама: «Выпадковая знаходка. У Гродне каля Новага замка адкапалі «двайніка» Каложскай царквы?»





