Аленя святога Губерта ў Гродне ўсталююць у скверы на скрыжаванні вуліц Тэльмана і Урыцкага. Здаць аб’ект плануюць да юбілейнага Фестывалю нацыянальных культур, які пройдзе 5-6 ліпеня.
Мясцовыя чыноўнікі ўжо агледзелі лакацыю, дзе, як мяркуецца, з’явіцца скульптура аленя. Таксама абмеркавалі асвятленне, азеляненне, лавачкі і ўрны, паведамляе Telegram-канал Гродзенскага гарвыканкама.
Як ён будзе выглядаць і хто яго вырабіць, пакуль невядома.
Зімой 2026 Гродзенскі гарвыканкам правёў конкурс на лепшы эскіз манументальна-дэкаратыўнай скульптуры аленя. Падаваць заяўкі можна было на адну з трох тэм: “Алень фестывальны”, “Алень кінематаграфічны” і “Алень турыстычны”.
Згодна з умовамі конкурсу, падаваць заяўкі можна было да 29 студзеня 2026 года. Журы абяцалі разгледзець іх на працягу двух тыдняў. Увесну гараджанін пацікавіўся ў Гродзенскага гарвыканкама вынікамі конкурса. Адказ прыйшоў у сакавіку – яго копія патрапіла ў рэдакцыю Hrodna.life. У адміністрацыі адказалі, што конкурс правялі “згодна з дзейным заканадаўствам”. Дадатковых падрабязнасцяў чыноўнікі не паведамілі.
Адным з прапанаваных месцаў усталявання скульптуры быў сквер на скрыжаванні Тэльмана і Урыцкага.
Чытайце таксама: Зноў алень! У конкурсе на брэнд Гродна перамаглі дызайнеры з Брэста




