У меню Mak.by каву амерыкана замянілі на «нашу каву». Але не прыдумалі назву самі. Таварны знак выкупілі ў гродзенскага прадпрымальніка і ўладальніка аднайменнай кавярні Дзмітрыя Захаркі, які зарэгістраваў яго больш за 10 гадоў таму. Гэта высветліла выданне «Белорусы и рынок». 

Дагавор аб “частковай уступцы” таварнага знака зарэгістравалі ў красавіку 2026 у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці. Цяпер у таварнага знака «Наша кава» два ўладальнікі — Дзмітрый Захарка і Mak.by (ГПУП «Мак.Бай»).

Хто такі Дзмітрый Захарка?

Дзмітрый Захарка – уладальнік адной з найстарэйшых гродзенскіх кавярняў «Наша кава», якая працуе з 2015 года. Некалькі гадоў таму яна памяняла шыльду на Soul Coffee, але прадпрыемства Дзмітрыя працягвае афіцыйна называцца “Наша кава”. Установа спецыялізуецца на спешелці-каве – барыста вараць напоі на якасным збожжы. Захарка з’яўляецца саўладальнікам мінскай фірмы Single Step, якая абсмажвае збожжа для гэтай і многіх іншых беларускіх кавярняў.

Навошта Mak.by замяніў назву амерыкана?

У сакавіку 2026 года Лукашэнка наведаў Mak.by. Калі яму дэманстравалі меню ўстановы, Лукашэнку не спадабалася, што класічны кававы напой называецца амерыкана.

«Амерыкана трэба перайменаваць у беларускі брэнд, у дужках пакуль пішы амерыкана. Калі прывыкнуць, тады…», — сказаў Лукашэнка.

Праз месяц з меню Mak.by знікла амерыкана, на змену яму прыйшла “наша кава”.

Чытайце таксама: “Гатаваць з лайна і палак”. Рэстаратар лічыць гастрафэсты невыгоднымі для ўстаноў – не ўсе калегі пагадзіліся

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы