З канца кастрычніка 2025 года ў Гродне перастаў праходзіць квіз «Vsпомнить VSе». На іх гульні прыходзяць па 50 каманд, а слоты на рэгістрацыю разлятаюцца за хвіліну. Па словах арганізатараў, квіз часова прыпынілі з-за даносу.

«На нас напісалі данос пра тое, што мы на квіз не прапусцілі чалавека з дзяржаўным сцягам і што на нашых гульнях вядучы ў мікрафон дрэнна выказваецца пра краіну, улады, і г. д. Вядома, усе вы ведаеце, ніколі такіх выпадкаў не было. І пайшло-паехала. Вельмі непрыстойны прыём… але мы вернемся. Абавязкова», — напісалі арганізатары ў профілі Instagram.

Квіз з’явіўся ў Гродне ў 2019 годзе. З часам вырас да 50+ каманд і пачаў праходзіць у адным з самых вялікіх залаў горада — у Моладзевым цэнтры «Гродна». А потым гульні пад назвай «VSпомнить VSе» сталі праходзіць і ў іншых гарадах. Акрамя таго, арганізатары праводзяць квізы і на карпаратывах. Пытанні для гульняў складаюць самі.