Кіраўніком Гродзенскага аблвыканкама стане Юрый Караеў - пакуль ён будзе часова выконваючым абавязкі, паведамляе Telegram-канал «Пул Первого».

Са жніўня 2020 года па сакавік 2025 года пасаду кіраўніка аблвыканкама займаў Уладзімір Каранік. Рашэннем Лукашэнкі яго прызначылі намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі.

З чэрвеня 2019 па кастрычнік 2020 года Караеў займаў пасаду Міністра Унутраных спраў Беларусі. У кастрычніку 2020 года яго прызначылі інспектарам-памочнікам прэзідэнта па Гродзенскай вобласці.

Падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі Караеў быў адным з кіраўнікоў сілавых органаў, якія падаўлялі пратэсты. За гэта ён патрапіў у міжнародныя санкцыйныя спісы. На яго накладзена бестэрміновая забарона на ўезд у Латвію, пяцігадовая забарона на ўезд у Эстонію і Літву. Таксама ён уключаны ў чорны спіс ЕС. Акрамя таго, Караева ўключылі ў санкцыйныя спісы Вялікабрытанія, Канада і Швейцарыя.