Гродзенка Аліна Алдошына атрымала 15 гадоў зняволення ў непальскай турме за перавозку какаіну. Яе бацьку, былому першаму намесніку начальніка міліцыі Ленінскага раёна Гродна, не атрымалася выцягнуць дачку з турмы. Зараз у сацсетках Аліна распавядае пра свой турэмны побыт. На публікацыі гродзенкі звярнула ўвагу «Наша Ніва».
Спрабавала перавезці 6 кілаграмаў какаіну
У 2019 годзе дачку тагачаснага першага намесніка начальніка міліцыі Ленінскага раёна Гродна Аляксея Алдошына арыштавалі ў аэрапорце Катманду з 6 кілаграмамі какаіну, схаванага ў зімовай куртцы. Разам з ёй быў затрыманы яе сябар Павел Васільеў.
Какаін знайшлі падчас агляду багажу беларусаў у аэрапорце. Маладыя людзі прыляцелі з Турцыі і ў той жа дзень павінны былі сесці ў самалёт на Ганконг.
Як сцвярджалі Аліна і Павел, пра какаін яны нават не здагадваліся, думалі, што ў куртках штосьці іншае. А на перавозку куртак пагадзіліся, бо хацелі хутка зарабіць грошай.
На допыце ў паліцыі беларусы расказалі, што тавар ім перадалі двое грамадзян Балівіі падчас сустрэчы ў гатэлі. Гродзенцам абяцалі за працу $ 2000.
За кантрабанду наркотыкаў яны атрымалі па 15 гадоў зняволення.
Умовы непальскай турмы: ёсць карупцыя і можна карыстацца тэлефонам
Зараз Аліна знаходзіцца ў непальскай турме. Зняволеныя могуць карыстацца тэлефонамі. Таму Аліна расказвае ў сацсетках пра сваё жыццё ў турме і збірае тысячы рэакцый падпісчыкаў.
«Падзялюся нязначным фактам пра сябе: я адбываю пакаранне ў непальскай турме. Так, у мяне ёсць тэлефон, тут добра развіта карупцыя. Тое, што я зрабіла — гэта кончаны ўчынак, і я ні разу сябе не апраўдваю (да хэйту гатова), але хацела запытацца, ці будзе вам цікава даведацца пра жыццё непальскіх зняволеных, ды і пра непальцаў у сукупнасці?», — напісала Аліна ў Threads.


У каментарах пад публікацыяй гродзенка дадае, што ў турме ўмовы лепш, чым у некаторых непальцаў дома.
«Плюс іх кормяць, таму [непальцы] і не збягаюць [з турмы]», — дадае Аліна. Дзяўчына таксама дзеліцца турэмным меню. Напрыклад, на вячэру даюць рыс, паліты гарохавым супам, шпінат і грыбы. «Хто вегетарыянец, мне здаецца, гэта вельмі смачна і карысна, я таксама ўжо прывыкла», — кажа яна ў відэа.
Бацьку прапанавалі хабар, каб выцягнуць дачку з турмы
Дзяўчына адзначае, што ёй засталося сядзець яшчэ каля 5 гадоў — яна спадзяецца выйсці па ўмоўна-датэрміновым.
Яе бацька Аляксей Алдошын прылятаў у Непал, спрабаваў выцягнуць дачку з турмы, але нічога не атрымалася. «Яму толькі суму кругленькую назвалі і ўсё», — напісала Аліна.
Цяпер у яе бацькі іншая пасада, але незразумела якая. Аднак дзяўчына запэўнівае, што ён застаўся ў міліцыі. Паводле інфармацыі «Кіберпартызан», ён сапраўды застаўся ў сістэме.
Каб адміністрацыя турмы не заўважыла актыўнасць, Алдошына схавала свае публікацыі
Пасля таго, як медыі звярнулі ўвагу на сацсеткі Алдошынай, дзяўчына выдаліла частку пастоў і сваіх каментароў. У Threads яна адзначыла, што зрабіць гэта ёй параілі знаёмыя, каб інфармацыя не дайшла да адміністрацыі турмы.
Аліна перайшла ў Telegram, дзе стварыла канал «Узница Непала». Алдошына тлумачыць, што непальцы карыстаюцца Instagram, а вось Telegram сярод іх не такі папулярны.
У канале дзяўчына ўжо паспела апублікаваць некалькі відэа і фота. На іх бачна, што яна дзеліць камеру з суседкай. Сцены пакоя ўпрыгожаны фотаздымкамі, на ложках — ружовыя падушкі-«сэрцы».
У апошнім пасце Алдошына зычыць падпісчыкам добрага ранку і паказвае свой сняданак: гарбату, тост з яйкамі, некалькі смажаных сасісак і памідоры.
Чытайце таксама: Гродзенскі перавозчык какаіну пра непальскую турму: «Ёсць інтэрнэт, умовы добрыя»