Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Гродзенская каталіцкая дыяцэзія: новы біскуп дапаможа беларусізацыі

У Гродзенскай каталіцкай епархіі - новы біскуп-памочнік. Ім стаў ксёндз Уладзімір Гуляй з Ліды. Пасля сыходу біскупа Аляксандра Кашкевіча ён павінен узначаліць самую вялікую епархію ў Беларусі - і ўжо зусім хутка.

Рашэнне Папы Рымскага Францыска аб прызначэнні Уладзіміра Гуляя біскупам-каад'ютарам Гродзенскай дыяцэзіі апублікавалі ў Ватыкане 5 красавіка 2024 года, піша Katolik.life.

Рэдкая пасада

Пасада, на якую Папа прызначыў Гуляя, рэдкая не толькі для Беларусі, але і ў свеце. Біскуп-каад'ютар — гэта памочнік кіраўніка дыяцэзіі (ардынарыя), які мае права замяшчаць яго ў выпадку адсутнасці. Пасля адстаўкі або смерці ардынарыя каад’ютар аўтаматычна становіцца новым кіраўніком епархіі.

Ксёндз Уладзімір Гуляй будзе дапамагаць цяперашняму ардынарыю Аляксандру Кашкевічу, а пасля яго сыходу ў адстаўку ўзначаліць дыяцэзію. Ёсць прадпісанне Святога Прастола, паводле якога біскупы павінны падаваць прашэнне аб адстаўцы па дасягненні 75 гадоў. Так было з былым кіраўніком беларускіх каталікоў Тадэвушам Кандрусевічам. Аляксандру Кашкевічу 75 гадоў якраз споўніцца ў верасні 2024 года. Канчатковае рашэнне прыме Папа Рымскі.

Ксёндз-вакаліст, які зрабіў парафію больш «беларускай»

Да цяперашняга прызначэння Уладзімір Гуляй з 2003 года быў пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) і біскупскім вікарыем пастырства Лідскага раёна.

Ксяндзу 48 гадоў. Ён нарадзіўся ў Гродзенскай вобласці - у Ваўкавыску. У маладосці быў гітарыстам і вакалістам, заснаваў каталіцкі гурт AVE, цяперашні калектыў Гродзенскай семінарыі. Ужо стаўшы пробашчам, граў на барабанах, калі ў парафіі былі сустрэчы для дзяцей «Вакацыі з Богам».

Пры ім у 2020−2021 гадах у храме прайшоў капітальны рамонт і рэстаўрацыя гістарычнага аргана (14/II/P) фірмы «A. A. Homan St. Jezierski w Warszawie» (1939 год стварэння). Ініцыятарам і асноўным спонсарам рэстаўрацыі аргана быў Юрый Зісер, заснавальнік партала Tut.by.

Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Гуляя парафія стала менш «польскай» і больш «беларускай», падзяліліся вернікі з «Новым Часам».

«Набажэнствы на самыя вялікія святы праводзяць па-беларуску, у нядзелю ў Лідзе-Фары тры імшы па-беларуску — для Гродзенскай дыяцэзіі гэта рэкорд па беларусізацыі», — сказаў адзін з вернікаў.

Чытайце таксама: Польская мова ў касцёле — не праблема? Разабраліся, чаму прэтэнзіі ідэолагаў да католікаў не маюць падставаў