Польскія мытнікі пачалі больш уважліва даглядаць грузавікі, якія едуць у Беларусь. Мэта — не дапусціць правозу тавараў, якія Расія можа скарыстаць для вядзення вайны. Пра гэта распавёў агенцтву PAP намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік.
«Усе нашыя памежныя службы, якія адказваюць за афармленне, мытня і памежная служба вельмі пільна правяраюць кожную машыну. Мы павінны быць упэўненыя, што яны не перавозяць тавары двайнога прызначэння» — сказаў Мацей Вонсік.
Ён патлумачыў, што такія рашэнні прынялі міністр фінансаў і міністр унутраных справаў і адміністрацыі. Як вынік такога дэтальнага кантролю — чэргі грузавых аўтамабіляў на мяжы могуць расцягвацца на 80 гадзін. «Найлепш было б, каб Еўрапейскі саюз увёў гаспадарчую блакаду Расіі», — дадаў Вонсік.
Што з беларускага боку
Беларускія праўладныя медыі тлумачаць, што ў чэргах з беларускага боку таксама вінаватыя палякі. За выхадныя 2 і 3 красавіка на тэрыторыю Польшчы польскія памежнікі прапусцілі не больш 35% фур ад нормы, паведаміла БелТА. На пункце пропуска Бераставіца — Баброўнікі норма пропуску складае 500 фур у суткі. З іх станам на 10:00 4 красавіка прапусцілі 172 фуры. У чарзе на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца яшчэ 320 фур.
Брузгі дасюль не адкрылі
З 9 лістапада польскія памежнікі прыпынілі афармленне транспарта ў Кузніцы. Гэта было звязана з мігрантамі, якія спрабавалі прарвацца праз беларуска-польскую мяжу. Раней паведамлялі, што пункт пропуску могуць адкрыць, калі мігранты пакінуць лагер ля Брузгоў і калі будзе скончаны плот на мяжы. Першае ўжо здарылася, а плот акурат у працэсе будовы.
Чытайце таксама: